Школа эфектыўнай практыкі

26.1.2014
 
На Пружаншчыне прайшлі чарговыя семінарскія заняткі школы эфектыўнай практыкі для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце “Ідэалагічная і інфармацыйна-прапагандысцкая работа ва ўстановах сярэдняй адукацыі”. Як адзначыла Л.І.Мемех, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА, галоўная мэта мерапрыемства заключалася ў прэзентацыі лепшага вопыту педагогаў-практыкаў вобласці.
Пра перспектывы развіцця адукацыйнай прасторы Пружаншчыны расказала намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.А.Валянцюк. Яна адзначыла, што ўстановы адукацыі атрымліваюць значную дапамогу з боку старшыні Пружанскага райвыканкама М.М.Сяркова.
Галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму С.В.Супрыновіч засяродзіла ўвагу на асаблівасцях удасканалення інфармацыйнай прасторы ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі рэгіёна.
На працягу 10 гадоў у гімназіі Пружан выходзіць газета “Адкрыты ўрок”. Пра гісторыю выдання і яго здабыткі расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.А.Каралюк.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кляпацкай сярэдняй школы Ж.А.Такарчук прэзентавала работу інтэрнэт-сайта ўстановы. Пра тое, як праходзяць пасяджэнні лектарскай групы “Дыялог з часам” у сярэдняй школе № 3 Пружан, паведаміла загадчыца бібліятэкі Т.Я.Альховік.
Найбольшы інтарэс у прысутных выклікала прэзентацыя работы школьнага тэлебачання “Пяцёрачка”, якое дзейнічае ў сярэдняй школе № 5 Пружан. Па словах дырэктара ўстановы І.А.Карабко, самае галоўнае – падтрымаць дзіцячую ініцыятыву і стварыць умовы для яе рэалізацыі. Удзельнікам мерапрыемства не толькі паказалі выпускі ранейшых перадач, але і фрагмент навін, сюжэт якіх быў зняты ў пачатку семінарскіх заняткаў.
У Мокраўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе педагогі прынялі ўдзел у інфармацыйнай гадзіне ў 9 класе “Ці трэба быць талерантным у наш час?”, якая праходзіла ў форме дэбатаў. Класны кіраўнік І.А.Босак падкрэсліла, што ў сучасных умовах вельмі важна навучыць дзяцей аб’ектыўна ацэньваць інфармацыю, мець асабісты погляд і ўмець яго адстойваць.
Педагог дадатковай адукацыі М.М.Барысюк з выхаванцамі гуртка “Юны журналіст” расказала пра вопыт выпуску школьнай газеты “Мокраўскі прамень”. Пра дзейнасць школьнага радыё як важнага сродку камунікацыі паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.В.Астапчук.
Па словах педагогаў, удзел у такіх інтэрактыўных семінарскіх занятках з’яўляецца карысным і эфектыўным, бо дазваляе пазнаёміцца з вопытам калег, падштурхоўвае да пошуку і інтэграцыі новых форм і напрамкаў у выхаваўчай рабоце.
Святлана КОРБУТ,
метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА.
поделиться в: