Вызначылі праблемы, абмяняліся вопытам

20.1.2014
 
На базе ўстаноў дашкольнай адукацыі Ляхавіцкага раёна прайшоў абласны семінар, прысвечаны метадычнаму суправаджэнню рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, абласнога ІРА, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі метадычных фарміраванняў намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дашкольных устаноў.
- Актуальнасць семінара абумоўлена шэрагам прычын, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Г.Б.Лявіцкая. – Сёння асаблівай увагі заслугоўвае пытанне, звязанае са своечасовым выяўленнем у педагогаў праблем, вывучэннем іх запытаў і патрэб, аказаннем метадычнай дапамогі па рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі на аснове індывідуальна-дыферэнцаванага падыходу.
Падчас семінара была прэзентавана работа Ляхавіцкага вучэбна-метадычнага кабінета. Загадчыца раённага ВМК С.М.Маргаева звярнула ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на арганізацыю работы па развіцці інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, якая забяспечвае доступ педагогаў да адукацыйных рэсурсаў. Метадыст ВМК Л.У.Лойка падзялілася вопытам работы па забеспячэнні дыферэнцаванага падыходу да метадычнага суправаджэння рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
- На Ляхавіччыне ўдзяляецца належная ўвага выяўленню і распаўсюджанню эфектыўнага педагагічнага вопыту па выкарыстанні сучасных методык і тэхналогій у адукацыйным працэсе пры рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, - адзначыла Г.Б.Лявіцкая. – Так, удзельнікі семінара азнаёміліся з вопытам работы ясляў-сада № 3 Ляхавіч па рэалізацыі зместу адукацыйных галін “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” і “Мастацтва” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. У аснову пабудовы заняткаў педагогі заклалі прынцып інтэграцыі, арганічна аб’яднаўшы змест асобных адукацыйных галін са зместам усёй вучэбнай праграмы.
Асаблівы інтарэс ва ўдзельнікаў семінара выклікала вучэбная гульня “Ці ведаеш ты вучэбную праграму дашкольнай адукацыі?”. Намеснік загадчыка ясляў-сада № 1 Ляхавіч І.У.Гусак прэзентавала работу з педагогамі-выхавальнікамі па фарміраванні ў іх уменняў ажыццяўляць планаванне адукацыйнага працэсу на аснове мэт і задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Трэба адзначыць, што падчас зносін удзельнікі семінара не толькі абменьваліся цікавым вопытам, але і ўзнімалі праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца. У прыватнасці, было закранута пытанне, звязанае з арганізацыяй платных паслуг у сферы дашкольнай адукацыі.
Падводзячы вынікі семінара, яго ўдзельнікі падкрэслілі, што забеспячэнне цэласнай, мабільнай і адзінай метадычнай прасторы будзе садзейнічаць удасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў-выхавальнікаў па рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: