Дробязей у рабоце з дзецьмі не бывае
23.12.2013Гэтыя словы неаднаразова гучалі падчас чарговага пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, на якім разглядаліся пытанні, звязаныя са станам выкладання гісторыі і грамадазнаўства ў школах вобласці, вынікамі працаўладкавання выпускнікоў ПТНУ і ССНУ, далейшым жыццёвым уладкаваннем дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, станам вытворчага і дзіцячага траўматызму ва ўстановах адукацыі і стварэннем бяспечных умоў працы пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пасля заслухоўвання гэтых пытанняў некаторым кіраўнікам рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму даводзілася апраўдвацца за дапушчаныя пралікі ў рабоце і запэўніваць начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука ў тым, што праблемныя сітуацыі неўзабаве будуць вырашаны.
Першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі расказаў, што стан выкладання гісторыі і грамадазнаўства ў школах вобласці вывучаўся на прыкладзе шэрагу навучальных устаноў Іванаўскага, Івацэвіцкага, Маларыцкага і Пінскага раёнаў. Рабочую групу ў складзе прадстаўнікоў БрАІРА і рэгіянальных вучэбна-метадычных кабінетаў цікавілі вучэбная паспяховасць дзяцей па гэтых прадметах, якасць іх выкладання, а таксама дзейнасць ВМК па ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.
С.Р.Рачэўскі адзначыў, што ў шэрагу школ Маларытчыны, Івацэвіччыны і Піншчыны гісторыю і грамадазнаўства выкладаюць настаўнікі без профільнай вышэйшай адукацыі. Найбольш кваліфікаваныя педагогі працуюць у Пінску.
Надзвычай актуальнымі пытаннямі з’яўляюцца тэхнічная аснашчанасць кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства, выкарыстанне ЭСН і інфармацыйна-камунікацыйная кампетэнтнасць педагогаў. Так, сярод іх яшчэ шмат тых, хто не валодае адпаведнымі навыкамі і ўменнямі. Таму неабходна павышаць колькасць сертыфікаваных карыстальнікаў ІКТ сярод настаўнікаў.
Надзвычай цікава і змястоўна аформлены прадметныя кабінеты ў Ланской сярэдняй школе Маларыцкага раёна і сярэдняй школе № 4 Іванава. На Піншчыне, Маларытчыне і Іванаўшчыне шырока выкарыстоўваюцца магчымасці музейнай педагогікі.
Эфектыўны педагагічны вопыт абагульняецца і распаўсюджваецца праз ВМК і метадычныя фарміраванні настаўнікаў (“Павышэнне інтарэсу школьнікаў да вывучэння гісторыі шляхам інфармацыйных тэхналогій”, “Фарміраванне навыкаў даследчай дзейнасці на ўроках гісторыі і грамадазнаўства і ў пазаўрочны час”, “Тэорыя і практыка выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках гісторыі”). Найбольш развітая сетка метадычных фарміраванняў створана на Іванаўшчыне.
Прадстаўнікі рабочай групы прааналізавалі наведаныя ўрокі і рэкамендавалі настаўнікам больш мэтанакіравана і паслядоўна прымяняць праблемнае навучанне, якое арыентуе ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу на ўсталяванне прычынна-выніковых сувязей у падзеях і з’явах мінулага і
садзейнічае прынцыпу гістарызму пры вывучэнні і інтэрпрэтацыі дакументальнага тэкставага матэрыялу дзяржаўнага, палітычнага, прыватнага, гістарычнага і літаратурнага характару. Акрамя таго, педагогам варта больш актыўна фарміраваць у навучэнцаў картаграфічныя ўменні і навыкі. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць развіццёвым вусным (называнне дакладных дат, параўнанне гістарычных падзей) і пісьмовым (напісанне на ўроках эсэ і іншых творчых работ, планаў паводле матэрыялаў параграфа ці гістарычнага дакумента, складанне канспекта, рашэнне пазнавальных задач) практыкаванням, а таксама лабараторна-практычным заняткам па тэкстах гістарычных дакументаў.
Педагогам варта больш мэтанакіравана выкарыстоўваць на ўроках магчымасці мультымедыйнай прэзентацыі вучэбнага гістарычнага матэрыялу, суправаджаць ацэньванне ведаў падрабязным каменціраваннем, больш дакладна і акрэслена падводзіць вынікі ўрока, дзе бачыліся б дасягнутыя мэты гістарычнай адукацыі. Настаўнікам трэба пабуджаць навучэнцаў да самастойнага авалодання ведамі падчас актыўнай маўленча-мысліцельнай дзейнасці і вывучэння гістарычных дакументаў, пераходзіць ад маналагічых форм арганізацыі вучэбнага працэсу да дыялагізаваных і інтэрактыўных.
- Удасканальваць гісторыка-грамадазнаўчую адукацыю школьнікаў неабходна праз умацаванне кадравага складу настаўнікаў-прадметнікаў, укараненне эфектыўнага вопыту выкладання ў школах, вывучэнне ў метадычных фарміраваннях вучэбна-метадычных комплексаў, больш актыўны ўдзел педагогаў у інавацыйных і эксперыментальных праектах, работу школьных праблемных і творчых груп, глыбокую і дэталёвую рэфлексію ўрокаў, сістэмнае і якаснае правядзенне падтрымліваючых і стымулюючых заняткаў, мэтазгоднае выкарыстанне на ўроках і факультатывах ЭСН, - падсумаваў С.Р.Рачэўскі.
- Кожны прадмет павінен весці настаўнік з профільнай адукацыяй. Да гэтага варта падыходзіць адказна і прынцыпова, бо непрафесіяналізм педагогаў уплывае на імідж сістэмы адукацыі ў цэлым. Трэба ўдзяляць павышаную ўвагу курсавой падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы настаўнікаў, а таксама іх падбору. Школы павінны быць цалкам забяспечаны неабходнай камп’ютарнай тэхнікай. Педагогам варта больш актыўна выкарыстоўваць ЭСН і ІКТ, - дадаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.
Намеснік начальніка аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі В.А.Шапавал паведаміла, што патрэбнасць эканомікі вобласці ў рабочых кадрах штогод складае ад 5 да 6,5 тысячы чалавек, а падрыхтоўка і выпуск – ад 4,8 да 6 тысяч. Неадпаведнасць попыту і прапановы кампенсуецца за кошт прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі незанятага насельніцтва.
Сёлета прафесійна-тэхнічную адукацыю атрымалі каля 5,5 тысячы чалавек, з іх размеркаваны каля 5,2 тысячы. Працаўладкавана амаль 84% выпускнікоў. На 75 чалавек складзены дакументы для спагнання сродкаў, затрачаных на навучанне, у судовым парадку. Найбольшая колькасць
выпускнікоў, якія не працуюць па накіраванні без уважлівай прычыны, назіраецца ў Баранавіцкім і Пінскім прафесійных ліцэях будаўнікоў, Лунінецкім ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці і Пінскім ПТК лёгкай прамысловасці.
У мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы большасць прафесій, атрыманых выпускнікамі, з’яўляюцца інтэграванымі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Так, амаль 47% сёлетніх выпускнікоў атрымалі чацвёртыя і яшчэ больш высокія кваліфікацыйныя разрады. Разам з тым павялічылася і колькасць тых, хто атрымлівае паніжаныя разрады.
Сёлета вобласць выканала план прыёму ў ПТНУ і ССНУ. У некаторых з іх нават назіраўся конкурс на пэўныя спецыяльнасці. Радуе, што амаль ва ўсіх установах адукацыі сельскагаспадарчага профілю быў конкурс па прафесіі “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. Па-ранейшаму існуюць праблемы з камплектаваннем па прафесіях лёгкай прамысловасці і машынабудавання. Сёлета надзвычай масавым быў пераход абітурыентаў з адной установы ў іншую і вяртанне ў школу. Гэта, на думку М.А.Ціханчука, звязана з недастатковай прафарыентацыйнай работай са школьнікамі.
Гэтую тэму працягнула ў сваім выступленні галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі Т.А.Чанава. Таццяна Анатольеўна расказала, што спецыялісты раённых цэнтраў занятасці, педагогі ПТНУ і школ рэгулярна знаёмяць навучэнцаў са становішчам на рынку працы ў рэгіёнах і вобласці, растлумачваюць магчымасці атрымання прафесіі ці працаўладкавання. Актыўны ўдзел у прафесійным самавызначэнні выпускнікоў прымае цэнтр “Прафарыенцір” з БрДУ імя А.С.Пушкіна. Даныя аб непрацаўладкаваных выпускніках пастаянна абнаўляюцца, прымаюцца меры па іх працаўладкаванні.
Сёння 95% выпускнікоў сярэдніх школ працягваюць навучанне. З іх каля 53% - ва УВА, каля 25% - у ССНУ, каля 17% - у ПТНУ. Што тычыцца выпускнікоў базавай школы, то сярод іх навучанне працягваюць каля 99% (12% - у ССНУ, каля 17% - у ПТНУ, каля 70% - у 10 класах школ).
Калі гаварыць пра праблемы, то, на жаль, у некаторых раёнах вобласці колькасць дзевяцікласнікаў, якія жадаюць атрымліваць веды ў ССНУ і ПТНУ, нязначная. Сёлета не вызначыліся з далейшым жыццёвым шляхам 65 дзевяцікласнікаў. Прычынамі гэтага з’яўляюцца стан здароўя (у тым ліку дэкрэтны адпачынак) і банальнае нежаданне вучыцца далей увогуле. Найбольшая колькасць выпускнікоў (35% ад абласнога паказчыка), якія не працягваюць навучанне і не працуюць, пражывае на Століншчыне. Зразумела, што гэты ж рэгіён займае лідарства і па колькасці правапарушэнняў, здзейсненых непаўналетнімі, якія не заняты ні вучэбнай, ні працоўнай дзейнасцю.
Бессістэмная прафарыентацыйная работа прыводзіць і да таго, што з кожным годам павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія працягваюць
навучанне за мяжой (у 2011 годзе – 269 чалавек, у 2012-м – 303, сёлета – 335). У асноўным учарашнія школьнікі выбіраюць УВА Расіі і Польшчы, дзе атрымліваюць адукацыю па тых спецыяльнасцях, якія ёсць і ва УВА Беларусі. Улічваючы пралікі ў прафарыентацыі, неабходна праводзіць факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня” ўжо з 8 класа. Галоўным крытэрыем вызначэння зместу факультатыўнага курса павінна быць патрэбнасць у кадрах канкрэтнага рэгіёна. Пры гэтым асноўная мэта гэтага курса заключаецца ў тым, каб пазнаёміць навучэнцаў з найбольш распаўсюджанымі прафесіямі прадпрыемстваў раёна і дапамагчы асвоіць алгарытм выбару прафесіі і далейшага адукацыйнага маршруту.
- Гэта ненармальная з’ява, калі непаўналетнія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Закрываць вочы на такую праблему нельга, бо яна апошнім часам набывае ўсё большую актуальнасць і выклікае трывогу. Зразумела, што падобныя факты сведчаць пра вялікія недахопы ў выхаваўчай рабоце. Выклікае заклапочанасць і выезд выпускнікоў, пераважна гімназій і ліцэяў, на вучобу ў замежныя ўніверсітэты. Старшакласнікаў варта арыентаваць найперш на рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Каб дасягнуць гэтага, неабходна істотна павысіць якасць прафарыентацыйнай работы. Шмат нараканняў выклікае і сітуацыя, звязаная з вытворчым і дзіцячым траўматызмам ва ўстановах адукацыі. Выяўленыя факты сведчаць пра безадказнае стаўленне да сваіх абавязкаў як асобных кіраўнікоў, так і іх падначаленых, - адзначыў М.А.Ціханчук.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.