Кадэцкае братэрства

15.11.2013
 
Каманда Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча вярнулася з Санкт-Пецярбурга, дзе годна прадставіла нашу краіну на ІІ Міжнародным злёце кадэтаў Расіі і Замежжа “Кадэцкая садружнасць”. Брэстаўчане былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі на гэтым мерапрыемстве.
Злёт, у якім удзельнічалі 12 каманд, праводзіўся з мэтай развіцця і ўмацавання асноў патрыятычнага выхавання моладзі, інтарэсу і павагі школьнікаў да культурнага і гістарычнага мінулага Расіі, пашырэння міжрэгіянальных і міжнародных кантактаў для вывучэння і абагульнення перадавога вопыту ў галіне патрыятычнага выхавання. Нашы кадэты пасябравалі з равеснікамі з Курска, Тамбова, Туапсэ і Новасібірска.
Праграма злёту была цікавай і насычанай. Кадэты наведалі Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга, Петрапаўлаўскую крэпасць, Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі, легендарны крэйсер “Аўрора”, Піскароўскі мемарыял, Цэнтральны ваенна-марскі музей і ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых структур.
Удзельнікі злёту актыўна ўдзельнічалі ў розных спартыўных спаборніцтвах, конкурсах патрыятычнай песні, сімволікі і атрыбутыкі кадэцкіх вучылішчаў, аглядзе строю і песні. Надзвычай цікавым было правядзенне ўрока беларускай мовы для расійскіх сяброў. Так, Арцём Вопсеў і Віктар Клюшкін вучылі сваіх равеснікаў правільнаму вымаўленню беларускіх слоў, тлумачылі іх значэнне, рабілі пераклады з беларускай мовы на рускую.
Па выніках злёту нашы кадэты занялі першае месца ў конкурсе патрыятычнай песні “Кацюша”, другія месцы ў конкурсах урока роднай мовы для сяброў-замежнікаў, сімволікі і атрыбутыкі, строю і песні, а таксама трэцяе месца ў конкурсе камандных візітовак. Уладзіслаў Цімошчанка стаў трэцім у комплексных сілавых практыкаваннях сярод юнакоў.
За ўзорныя паводзіны, вытрымку, дысцыплінаванасць і ўклад у развіццё міжнароднага кадэцкага руху каманда Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча атрымала Кубак дружбы.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: