Лепшыя сярод трактарыстаў-машыністаў

13.11.2013
 
         Падведзены вынікі абласнога адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання ПТНУ сельскагаспадарчага профілю па прафесіі “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. У спаборніцтве, арганізаваным упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прынялі ўдзел прадстаўнікі 9 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
         Конкурс, фінальны этап якога праходзіў на базе Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, праводзіўся з мэтай вызначэння ўзроўню і якасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў па прафесіі “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, павышэння іх інтарэсу да выбранай прафесіі і распаўсюджвання станоўчага вопыту майстроў вытворчага навучання.
         Спаборніцтва складалася з тэарэтычнага і практычнага тураў. Тэарэтычны тур вызначаў узровень ведаў па прадметах прафесійнага кампанента вучэбнага плана (устройства трактараў і сельскагаспадарчых машын, тэхналогія і арганізацыя механізаваных работ, ахова працы, правілы дарожнага руху), праводзіўся ў выглядзе камп’ютарнага тэсціравання па праграме “Дзесяцібальны маніторынг” і ўяўляў сабой 80 заданняў з прапанаванымі варыянтамі адказаў. На іх выкананне адводзілася 90 хвілін.
         Практычны тур складаўся з двух заданняў – ваджэння машынна-трактарнага агрэгата на базе трактара Беларус – 82 і ўзворвання на трактары Беларус – 1221 з гідрапад’ёмнікам. На выкананне конкурсных заданняў адводзілася не больш за 3 гадзіны.
         У індывідуальным заліку сярод навучэнцаў лепшымі аказаліся Яўген Урбановіч з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці, Сяргей Апалько з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына і Аляксандр Раманюк са Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
         У індывідуальным заліку сярод майстроў вытворчага навучання перамаглі Віктар Георгіевіч Вайцюк з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, Аляксандр Валер’евіч Чабатар з Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Фёдар Едзясеевіч Фёдараў з Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
поделиться в: