Новы дзіцячы сад у Іванаве

1.11.2013
 
Сярод новабудоўляў мікрараёна Заходні ў Іванаве вырас сучасны дзіцячы яслі-сад. Павіншаваць педагогаў, бацькоў і іх дзяцей з адкрыццём дашкольнай установы завітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар.
         На будаўніцтва дзіцячага садка, добраўпарадкаванне яго тэрыторыі і набыццё неабходнага абсталявання з абласнога бюджэту было затрачана больш за 44 мільярды рублёў. У дашкольнай установе маецца ўсё неабходнае для камфортнага знаходжання ў ёй дзяцей: утульныя спальныя пакоі, гульнявыя пляцоўкі, уласная аўтаномная газавая кацельня, басейн, медыцынскі блок, мультымедыйная ўстаноўка, вадкакрышталічныя тэлевізары ў кожнай групе, разнастайныя музычныя інструменты і спартыўнае абсталяванне, камп’ютарны клас. Адметна, што непаўторны інтэр’ер установы стварылі самі педагогі.
         - Наша ўстанова разлічана на 170 месцаў, - расказала загадчыца ясляў-сада № 6 Л.І.Дашкевіч. – У садку адкрыты 9 груп. Адна з іх – для дзяцей з парушэннямі маўлення і тры – з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важна, што для работы з такімі дзецьмі ў нас маецца не толькі неабходнае медыцынскае абсталяванне, але і настаўнікі-дэфектолагі. Сад цалкам укамплектаваны педагагічным і тэхнічным персаналам. Улічваючы тое, што з адкрыццём новай дашкольнай установы ў горадзе праблема наяўнасці месцаў у дзіцячых садках не вырашыцца, давядзецца павялічыць напаўняльнасць груп на 5 – 6 малышоў.
         Кіраўнік Брэстчыны К.А.Сумар адзначыў, што праблема, звязаная з забяспечанасцю месцамі ў дашкольных установах, знаходзіцца на пастаянным кантролі з боку органаў улады. І вырашацца яна будзе з улікам не толькі дэмаграфічнай сітуацыі, але і эканамічнага становішча пэўнага раёна, наяўнасці неабходных фінансавых сродкаў. Толькі за апошнія 3 гады ў вобласці былі пабудаваны 4 школы і 5 дзіцячых садкоў. Неўзабаве новая дашкольная ўстанова з’явіцца на Століншчыне. 
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: