Былым педагогам – заслужаная ўвага

30.10.2013
 
У Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі асаблівая ўвага надаецца пытанням сацыяльнай падтрымкі пенсіянераў, ветэранаў вайны і працы. Важна, што гэтая падтрымка не абмяжоўваецца толькі матэрыяльнай дапамогай (штогод на работу з заслужанымі людзьмі галіны накіроўваецца да 2% членскіх прафсаюзных узносаў). Ветэраны педагагічнай працы актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай дзейнасці.
         Работу з ветэранамі каардынуе абласны Савет ветэранаў педагагічнай працы на чале з Я.І.Топчай. Яўгенія Ігнатаўна прызналася, што ў арганізацыі вялікая ўвага надаецца падбору кіраўніцкіх кадраў у гарадскіх (раённых) саветах. Ад іх прафесіяналізму залежыць не толькі якасць работы, але і імідж сістэмы адукацыі.
         Дзейнасць рэгіянальных ветэранскіх саветаў пастаянна вывучаецца і прапагандуецца. Сярод найбольш вопытных і аўтарытэтных сённяшніх кіраўнікоў гэтых саветаў варта назваць Ніну Пятроўну Будака з Баранавіч, Галіну Станіславаўну Казубоўскую з Піншчыны, Валянціну Дзмітрыеўну Глазунову з Пружаншчыны, Наталлю Іванаўну Казанкову з Лунінеччыны, Соф’ю Лаўрэнцьеўну Якубчык з Маларытчыны і Дануту Валяр’янаўну Рагачук з Кобрыншчыны. Яны разам з іншымі кіраўнікамі робяць усё магчымае, каб вопыт і веды педагогаў-пенсіянераў былі запатрабаваны ў маладога настаўніцкага пакалення.
Адной з прыярытэтных задач галіновага прафсаюза з’яўляецца павелічэнне колькасці прафсаюзнага членства сярод былых работнікаў сістэмы адукацыі. Так, за 7 гадоў іх колькасць павялічылася з 2369 да 8129. Штогод абнаўляецца банк даных уліку ветэранаў па катэгорыях. Сёння на ўліку знаходзіцца амаль 1,4 тысячы адзінокіх людзей, 278 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 879 інвалідаў, каля 1,4 тысячы працуючых ветэранаў. Ніхто з іх не застаецца без увагі і клопату. Трэба адзначыць, што Брэстчына з’яўляецца адзіным рэгіёнам у краіне, дзе ва ўстановах адукацыі да 5% фонду матэрыяльнай дапамогі траціцца на былых работнікаў. І гэта, лічыць старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза В.А.Харытановіч, правільна, бо пенсіянерамі рана ці позна будуць усе.  
Сёння на Брэстчыне пражываюць 96 заслужаных настаўнікаў і трэнераў, 142 выдатнікі адукацыі. Для працуючых выдатнікаў адукацыі ўстаноўлена 25-працэнтная надбаўка да заробку. Абласны Савет ветэранаў педагагічнай працы накіроўвае юбілярам-ветэранам паштоўкі і памятныя падарункі. Актыў гарадскіх (раённых) саветаў наведвае юбіляраў дома, рыхтуе публікацыі ў рэгіянальных СМІ. Ва ўстановах адукацыі ладзяцца вечарыны-ўшанаванні заслужаных педагогаў, інфармацыя пра іх размяшчаецца на спецыяльных стэндах і ў школьных музеях. Сёлета напярэдадні Дня настаўніка ўсе заслужаныя настаўнікі і трэнеры Брэстчыны атрымалі падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі ад абласнога ўпраўлення адукацыі і абласной арганізацыі галіновага прафсаюза.
Кожны навучальны год праходзіць пад знакам пэўнай акцыі: “Савет ветэранаў – наш дом”, “Здаровы ветэран”, “Педагагічныя дынастыі”, “Свет захапленняў ветэрана”, “Клопат пра ветэрана пачынаецца ва ўстанове адукацыі”. Бягучы навучальны год прысвечаны школьнай музейнай спадчыне.
За 6 гадоў абагулены вопыт работы 16 рэгіёнаў. Рыхтуецца да выдання веснік “З вопыту работы раённых і гарадскіх Саветаў ветэранаў педагагічнай працы”. Саветы працуюць у цесным узаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання, аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, грамадскімі арганізацыямі.
Пры арганізацыі работы з ветэранамі рэалізоўваюцца розныя праграмы і акцыі (“Клопат”, “Каб помнілі”, “Здаровы лад жыцця”, “Міласэрнасць”, “Ветэран жыве побач”, “Жыццё цудоўных людзей”, “Педагагічныя дынастыі”, “Адзінокі ветэран”, “Адзінокая магіла”, “5 бульбін”, “Цёплае акенца”, “Ветэран – маладому спецыялісту”), якія прадугледжваюць аказанне дапамогі ва ўтрыманні жылля і выкананні работ на прысядзібных участках, догляд за магіламі адзінокіх ветэранаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і фарміраванне прадуктовых пакетаў, удзел у арганізацыі пахаванняў, віншаванні з дзяржаўнымі і асабістымі святамі, запрашэнне ветэранаў на школьныя лінейкі, тэматычныя ўрокі і сустрэчы з выпускнікамі, арганізацыю экскурсій, паездак і культурных паходаў на выставы, у музеі, тэатры і кінатэатры, абагульненне і захаванне даных пра ветэранаў у буклетах, фотаальбомах і відэафільмах, стварэнне тэматычных стэндаў “Нашы ветэраны” ў школьных музеях і інш.
Абласны Савет ветэранаў педагагічнай працы з’яўляецца ініцыятарам шэрагу агляду-конкурсаў – на лепшую арганізацыю работы з ветэранамі сярод гарадскіх (раённых) саветаў, лепшы падворак пенсіянера сістэмы адукацыі, лепшую публікацыю пра ветэрана ў СМІ і лепшую ўстанову адукацыі па рабоце з ветэранамі.
Вялікая ўвага надаецца ветэранам-удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Абагулена інфармацыя пра педагагічныя дынастыі, якія маюць педагогаў у 2-5 пакаленнях. Назапашаныя матэрыялы аформлены ў выглядзе фотаальбомаў і відэафільмаў.
Шырокае распаўсюджанне ў рэгіёнах атрымала акцыя “Здаровы ветэран”. Педагогі-пенсіянеры ахвотна наведваюць спартыўныя секцыі, фітнес-групы і плавальныя басейны, а таксама ўдзельнічаюць у турыстычных злётах і выступаюць у якасці журы на спартыўных спаборніцтвах.
Не застаюцца без увагі і былыя выкладчыкі УВА і ПТНУ. Так, у БрДУ імя А.С.Пушкіна рэалізоўваецца праект “Мой педагагічны лёс у жыцці краіны”. Прафсаюзны актыў універсітэта збірае біяграфічныя звесткі пра ветэранаў і іх фотаздымкі, арганізоўвае з імі сустрэчы і інтэрв’ю. Сабраныя матэрыялы плануецца сістэматызаваць і выдаць у выглядзе кнігі-летапісу.
У БрДТУ штогод праводзіцца мерапрыемства “Ветэран працы – выкладчыку-стажору”, падчас якога адбываецца пасвячэнне ў выкладчыкі маладых спецыялістаў і ганараванне ветэранаў працы. Прафкам выкладчыкаў і супрацоўнікаў падтрымлівае творчых ветэранаў – дзякуючы дапамозе ўніверсітэта выходзяць іх паэтычныя зборнікі.
- Работа з ветэранамі педагагічнай працы пастаянна ўдасканальваецца, - гаворыць В.А.Харытановіч. – У калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі ўключаюцца сацыяльныя гарантыі для пенсіянераў. Былыя педагогі актыўна прыцягваюцца да культурна-грамадскага жыцця не толькі асобных устаноў адукацыі, але і рэгіёна.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ. 
поделиться в: