Удасканальваць работу з цяжкімі падлеткамі

19.9.2013
 
Нядаўна ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і сумесны тэхнічны сакратарыят праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна 2007 – 2013 падпісалі грантавы кантракт тэрмінам 18 месяцаў для рэалізацыі сумеснага праекта “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”.
         Праект, асноўная мэта якога заключаецца ў сацыяльнай адаптацыі дэвіянтных падлеткаў памежнага рэгіёна шляхам распаўсюджвання і ўкаранення эфектыўнага інавацыйнага вопыту спецыялістаў па рабоце з такімі дзецьмі, скіраваны на павышэнне магчымасцей трансгранічнага супрацоўніцтва на рэгіянальным і мясцовым узроўні. Арганізатары спадзяюцца, што станоўчы вопыт рэалізацыі праекта стане прыкладам для іншых.
         - Праблема падлеткавых дэвіяцый носіць трансгранічны характар. Для яе вырашэння неабходна цеснае супрацоўніцтва органаў мясцовага самакіравання Беларусі, Польшчы і Украіны. Унясенне рацыянальных карэктыў, скіраваных на зніжэнне проціпраўных дзеянняў падлеткаў, будзе эфектыўным пры стварэнні ўмоў для абагульнення і распаўсюджвання найбольш цікавага вопыту і дзейсных тэхналогій дапамогі дзецям, схільным да правапарушэнняў, - лічыць начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук.
         Партнёрамі ў рэалізацыі праекта выступаюць муніцыпалітэт Дрэлюва (Польшча) і Валынскі абласны цэнтр сацыяльных службаў для сям’і, дзяцей і моладзі (Украіна). Мэтавай групай праекта, які стартаваў у верасні, з’яўляюцца падлеткі, спецыялісты-практыкі і бацькі. У рамках праекта плануецца адкрыць цэнтр сацыяльнай адаптацыі падлеткаў “Знайдзі сябе”, стварыць міжнароднае грамадскае аб’яднанне педагогаў, арганізаваць міжнародны летнік для падлеткаў у Польшчы, выдаць тэматычныя кнігі і метадычныя дапаможнікі, правесці міжнародныя канферэнцыі, майстар-класы, трэнінгі, конкурсы, адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Назапашаны вопыт будзе абагульнены і распаўсюджаны ва ўстановах адукацыі Беларусі, Польшчы і Украіны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: