Быць спартыўным і здаровым – сучасна, модна і карысна

19.9.2013
 
На Брэстчыне завяршылася рэспубліканская акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”, арганізаваная Міністэрствам адукацыі пры падтрымцы зацікаўленых ведамстваў з мэтай кансалідацыі намаганняў работнікаў адукацыі, аховы здароўя, фізічнай культуры, спорту і турызму, прапаганды здаровага ладу сярод навучэнцаў школ, ПТНУ, УВА і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, а таксама далучэння моладзі да сістэмных заняткаў фізкультурай і спортам.
         На працягу тыдня ва ўстановах адукацыі вобласці праходзілі мерапрыемствы, зладжаныя з рамках рэспубліканскага праекта “Кожнай школе – футбольны мяч!”, і ўрокі чэмпіёнаў з удзелам знакамітых спартсменаў-землякоў.
         Надзвычай цікавымі атрымаліся ўрокі чэмпіёнаў у БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Так, у “пушкінскім” універсітэце ўрок чэмпіёнаў прайшоў у фармаце дыялога герояў спорту і гонару Брэстчыны са шматлікімі прыхільнікамі іх таленту і працавітасці. Па словах рэктара М.Э.Часноўскага, сустрэча нікога не пакінула абыякавым і стала добрай нагодай для папулярызацыі ідэй алімпізму сярод студэнцкай моладзі і прывіцця ёй навыкаў здаровага ладу жыцця.
         У госці да студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна завіталі алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў Юлія Несцярэнка (Афіны, 2004), удзельнікі Алімпійскіх гульняў у Пекіне (2008) і Лондане (2012) Вольга Асташка (спрынт), Максім Кунда (стральба з лука) і Дзмітрый Платніцкі (трайны скачок), 11-разовы чэмпіён Еўропы па армрэстлінгу Віктар Братчэня, прызёр чэмпіяната Еўропы сярод моладзі (2012) Кацярына Герасіменка (каноэ-двойка) і чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў па кіданні молата Ганна Зінчук. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы абласнога ўпраўлення фізічнай культуры і спорту, а таксама прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Брэсцкай вобласці.  
         Падчас сустрэчы выкладчыкі ўніверсітэта расказалі пра развіццё спорту ў рэгіёне і алімпійскіх традыцыях, а прадстаўнікі прадстаўніцтва НАК – пра мерапрыемствы, скіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, фізкультуры і спорту ва ўстановах адукацыі вобласці. 
         Пытанняў да спартсменаў было шмат. Дзмітрый Платніцкі падзяліўся сакрэтамі сумяшчэння трэніровачнага працэсу з вучэбнымі заняткамі, Віктар Братчэня расказаў, што яго першым трэнерам быў брат, а Юлія Несцярэнка ўзгадала шчаслівы момант жыцця – перасячэнне фінішнай лініі на фінальным забегу на 100 метраў у Афінах. Цікавіліся студэнты і мэтазгоднасцю выкарыстання допінгу ў сучасным спорце.
         Напрыканцы сустрэчы спартсмены падзякавалі за гасцінны прыём і пажадалі студэнтам поспехаў у вучобе і высокіх вынікаў у спорце.
         У сярэдняй школе № 2 Іванава тыдзень спорту і здароўя пачаўся з урачыстай лінейкі, прысвечанай ганараванню пераможцаў 67-й раённай спартакіяды школьнікаў, што занялі ў ёй першыя месцы. Дырэктар школы М.М.Ярмалюк павіншаваў навучэнцаў з высокімі ўзнагародамі і ўручыў трэнеру школьнай каманды спартсменаў А.А.Гарбацкаму кубак і грамату пераможцаў. Педагог запэўніў, што ў новым навучальным годзе дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізкультуры пастараюцца дасягнуць больш высокіх пазіцый.
         У рамках “спартыўнага” тыдня ў школе прайшоў урок чэмпіёнаў, на якім навучэнцы 5-11 класаў сустрэліся з майстрам спорту па цяжкай атлетыцы міжнароднага класа, удзельнікам розных чэмпіянатаў і Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996) У.П.Хлудам. Уладзімір Паўлавіч расказаў пра спартыўную кар’еру, падрыхтоўку спартсменаў да спаборніцтваў і ўдзел у чэмпіянатах і Алімпійскіх гульнях. Дзеці з цікавасцю слухалі чэмпіёна, задавалі пытанні пра спосабы падрыхтоўкі да розных спаборніцтваў.
         Акрамя таго, у навучальнай установе адбылося першынство школы па футболе сярод старшакласнікаў. На школьным стадыёне прайшла цікавая гульня, якая не пакінула абыякавымі гледачоў. Лепшым нападаючым і гульцом прызнаны адзінаццацікласнік Андрэй Петрашэвіч. Юнак дапамог камандзе класа адолець праціўніка з лікам 4:1.
         Навучэнцы 8-10 класаў прынялі ўдзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Юнакі вызначалі мацнейшых у бегу на 100 і 400 метраў. Пераможцам у гэтым відзе спорту прызнаны васьмікласнік Павел Калодзіч. Сярод дзяўчат у бегу на 60 метраў лепшай стала Ганна Быкава. У скачках у даўжыню з разбегу не было роўных дзевяцікласнікам Мікіту Ласю і Святлане Крокун.
         Напрыканцы “спартыўнага” тыдня ў гарадскім парку Іванава прайшоў лёгкаатлетычны крос “Залатая восень”. Лепшымі сярод старшакласнікаў на дыстанцыі 3000 і 2000 метраў сталі Дзмітрый Катовіч, Андрэй Петрашэвіч і Ганна Гавіновіч. На дыстанцыі 2000 і 1000 метраў сярод дзевяцікласнікаў перамогу святкавалі Уладзіслаў Пахолка і Святлана Крокун. А на дыстанцыі 1000 і 500 метраў сярод навучэнцаў 7-8 класаў першымі да фінішу прыйшлі Данііл Кузьміч і Дар’я Фанаркова.
         Трэба адзначыць, што ў сярэдняй школе № 2 спорт стаў часткай жыцця многіх дзяцей. Ён дазваляе расслабляцца, весяліцца, адпачываць, умацоўваць здароўе. На рахунку школьнікаў шмат узнагарод, атрыманых у раённых спаборніцтвах па валейболе, футболе, лёгкай атлетыцы, піханні ядра, кіданні мяча і бегу на 100 метраў, а таксама ў абласной алімпіядзе і рэспубліканскім турніры па цяжкай атлетыцы. Асабліва вылучаецца спартыўнымі поспехамі Ігар Гетман.
         Высокіх вынікаў у спаборніцтвах школьнікам удаецца дасягнуць дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і прафесіяналізму настаўніка фізкультуры, майстра спорту па цяжкай атлетыцы, пераможцы маладзёжных гульняў СССР і неаднаразовага пераможцы першынства Беларусі па цяжкай атлетыцы А.А.Гарбацкаму, ветэрану педагагічнай працы В.П.Бязмену і арганізатару і трэнеру ваенізаваных гульняў “Зарніца” і “Наперад, хлапчукі!”, кіраўніку аб’яднання юіраўцаў У.В.Раманюку.
         Штогод у школе ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя маладзёжнаму алімпійскаму руху: “Містэр Алімпія”, “Малыя Алімпійскія гульні”, “Алімпійскія ўрокі”, “Алімпійскія тыдні”, выставы спартыўных узнагарод.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: