Рэзервы ёсць, арыенцір – якасць

2.9.2013
 
Абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў Брэстчыны, якая сёлета праходзіла ў Жабінцы, сабрала больш за 400 удзельнікаў. Сярод іх – кіраўніцтва аблвыканкама на чале з К.А.Сумарам, начальнікі ўпраўленняў абласной “вертыкалі”, старшыні рай(гар)выканкамаў і іх намеснікі, начальнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі ВНУ, школ і дашкольных устаноў. У рабоце настаўніцкага форуму “Адукацыя Брэстчыны: рэзервы якасці і арыенціры ўстойлівага развіцця” прынялі ўдзел намеснік прэм’ер міністра А.А.Тозік, міністр адукацыі С.А.Маскевіч і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка.
Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з узорнай вучэбна-матэрыяльнай базай сярэдняй школы № 1 Жабінкі. Там жа адбыліся майстар-класы педагогаў “Вопыт лепшых – набытак усіх”. На пляцоўцы ля мясцовага Дома культуры разгарнулася выстава творчых работ, прысвечаная сістэме адукацыі Жабінкаўшчыны.  
         З асноўным дакладам перад удзельнікамі нарады выступіў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. У сваім выступленні ён засяродзіў увагу на фактарах, якія забяспечваюць якасць адукацыі і яе ўстойлівае развіццё.
         Па словах М.А.Ціханчука, выдаткі на адукацыю складаюць каля 30% абласнога бюджэту. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва, рамонт, рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўстаноў адукацыі, каб стварыць сучасныя ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу. Толькі за апошнія тры гады ў вобласці рэканструявана 4 і пабудавана 7 новых школ на 1,5 тысячы месцаў, а таксама 9 дашкольных устаноў на 975 месцаў. Калі ў 2010 – 2012 гадах на рамонт устаноў адукацыі было накіравана каля 386 мільярдаў рублёў, то сёлета амаль 264 мільярды.  
         Міхаіл Андрэевіч расказаў, што дашкольнай адукацыяй у вобласці ахоплена 94% дзяцей (у вёсцы – каля 75%). Попыт на дашкольныя ўстановы не змяншаецца. Гэта звязана з павелічэннем нараджальнасці. Сёлета плануецца дабудаваць 3 дашкольныя ўстановы – у Баранавічах, Іванаве і вёсцы Рамель Столінскага раёна. Разам з тым у раёнах масавай жылой забудовы гарадоў і некаторых сельскіх населеных пунктаў захоўваецца дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках. Каб вырашыць гэтую праблему, з 2011 года з дашкольных устаноў пачалі выводзіцца першыя класы.
         Для задавальнення запытаў бацькоў укараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы навучання дзяцей пісьму. Аднак гэты рэзерв выкарыстоўваецца пакуль недастаткова, асабліва ў гарадах. Дзіцячыя садкі павінны прапаноўваць бацькам розныя варыянты атрымання дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове. Акрамя таго, варта больш актыўна шукаць індывідуальных прадпрымальнікаў, гатовых адкрываць прыватныя дашкольныя ўстановы.
         М.А.Ціханчук прызнаўся, што існуюць праблемы з забеспячэннем адукацыйнага працэсу сродкамі навучання і выхавання. Для папаўнення дзіцячых садкоў цацкамі, якіх таксама не хапае, прапаноўваецца актыўна прыцягваць ПТНУ (выраб цацак з дрэва і тканіны) і дарослых, што атрымліваюць дадатковую адукацыю.
         Толькі каля 61% педагогаў-дашкольнікаў вобласці маюць профільную вышэйшую адукацыю. Рэзерв якасці работы астатніх – у перападрыхтоўцы.
         - Нельга забываць і пра бацькоў, - адзначыў М.А.Ціханчук. – Іх неабходна далучаць да адукацыйнага працэсу. Узаемадзеянне з сем’ямі не павінна абмяжоўвацца святамі і спонсаркай дапамогай. Бацькоў, асабліва маладых, трэба вучыць правільна выхоўваць сваіх дзяцей праз адметныя формы работы – бацькоўскую школу, бацькоўскі выхаваўчы мінімум, псіхолага-педагагічную асвету і інш.
         У новым навучальным годзе намаганні органаў кіравання адукацыяй будуць скіраваны на далейшую аптымізацыю сеткі дашкольных устаноў, укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове, эканамічна мэтазгодных напрамкаў дзейнасці дзіцячых садкоў, фарміраванне адаптыўнай здароўезберагальнай сістэмы, павышэнне сацыяльнага статусу педагогаў-дашкольнікаў і інш.
         М.А.Ціханчук расказаў, што ў вобласці працуе 565 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За апошнія 20 гадоў колькасць школьнікаў значна скарацілася: з 241 тысячы ў 1993 годзе да 156 тысяч у 2012-м. Улічваючы гэта, праводзіцца аптымізацыя школьнай сеткі. Закрыццё ўстаноў ажыццяўляецца тады, калі колькасць мясцовага насельніцтва скарацілася вельмі істотна і магчыма арганізаваць падвоз навучэнцаў. У новым навучальным годзе ў падвозе будуць мець патрэбу каля 15 тысяч дзяцей.
         Сёлета спынілі работу вячэрнія школы ў Брэсце, Пінску і Кобрыне, а таксама 9 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў. Гэтыя ўстановы выканалі сваю функцыю і далейшае іх існаванне немэтазгоднае. Сёння дастаткова ўмоў для атрымання той жа прафесійнай адукацыі.
         Вялікая ўвага ўдзяляецца інфарматызацыі сістэмы адукацыі. Усе школы вобласці падключаны да інтэрнэту. Камп’ютарная тэхніка пастаянна абнаўляецца. Назіраецца станоўчая дынаміка ў выкарыстанні яе ў школьных бібліятэках.
         - Інфарматызацыя праводзіцца дзеля інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу, - заўважыў М.А.Ціханчук. – Неабходна пашыраць выкарыстанне электронных сродкаў навучання і інтэрнэт-рэсурсаў у вучэбна-выхаваўчай і пазакласнай рабоце, а таксама ў рабоце са здольнымі дзецьмі. На жаль, практыка паказвае, што аўдыявізуальныя і камп’ютарныя сродкі навучання, матэрыялы для дыягностыкі якасці навучання і інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюцца недастаткова. Патрабуе паляпшэння вучэбна-лабараторная база школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база кабінетаў замежнай мовы. Для гэтага набываюцца мабільныя класы і лінгафоннае абсталяванне.
         Маніторынг паказвае, што неабходна ўдасканальваць метады і прыёмы ў правядзенні ўрокаў па фізіцы, матэматыцы і рускай мове і літаратуры, а таксама паляпшаць якасць адукацыйнага працэсу ў пачатковай школе. На першы план, адзначыў М.А.Ціханчук, выходзіць прафесійная гатоўнасць настаўніка да рэальнай аптымізацыі вучэбнага працэсу за кошт выкарыстання ўсіх магчымых рэзерваў – традыцыйных метадаў і сучасных адукацыйных тэхналогій, пошуку аптымальна эфектыўнага спалучэння традыцыйных сродкаў навучання і электронных, інфармацыйных. Прычым выкарыстоўваць тэхналогіі варта не дзеля паказу эфектнага адкрытага ўрока, а для павышэння якасці адукацыі ў навучэнцаў канкрэтнага класа. Галоўнае – не працэс, а яго вынікі.
         У 30 ПТНУ вобласці навучаецца больш за 14 тысяч чалавек. Навучанне вядзецца па 49 спецыяльнасцях. Большасць прафесій з’яўляюцца інтэграванымі па профілі (каля 75% навучэнцаў адначасова атрымліваюць дзве кваліфікацыі), што забяспечвае далейшае паспяховае працаўладкаванне выпускнікоў, пашырае зону іх прафесійнай кампетэнтнасці і павышае канкурэнтаздольнасць на рынку працы.
         Структура падрыхтоўкі рабочых кадраў штогод удасканальваецца. З улікам рэгіянальных запытаў спыняецца ці адкрываецца прыём па шэрагу прафесій. Так, сёлета пачнецца падрыхтоўка электрамеханікаў па ліфтах, кантралёраў станочных і слесарных работ, электраслесараў (слесараў) – дзяжурных па рамонце абсталявання, аператараў камп’ютарнай графікі, рыхтоўшчыкаў кузавоў, пекараў, вырабляльнікаў дэкаратыўных элементаў мэблі і інш. Прыём па дагаворах і заяўках прадпрыемстваў складае амаль 99%. Амаль удвая (з 94 да 187) павялічылася колькасць базавых арганізацый, замацаваных за ПТНУ. Дзякуючы сістэмнай рабоце амаль усе выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі паспяхова размяркоўваюцца.
         У мэтах удасканалення прафесійных ведаў і ўкаранення ў адукацыйны працэс інавацыйных форм работы, вывучэння новай тэхнікі і сучасных тэхналогій, аптымізацыі бюджэтных расходаў на базе 5 вядучых ПТНУ створаны рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання, праз якія ўжо прайшлі 525 навучэнцаў і 23 майстры вытворчага навучання. Сёлета будуць пашыраны профілі падрыхтоўкі ў гэтых цэнтрах за кошт увядзення новых спецыяльнасцей.
         Па словах М.А.Ціханчука, большасць ПТНУ праводзіць значную работу па прыцягненні пазабюджэтных сродкаў (платныя адукацыйныя паслугі, даходы ад рэалізацыі прадукцыі вытворчых майстэрань і вучэбных гаспадарак, транспартных паслуг). У шэрагу ўстаноў доля пазабюджэтнага фінансавання складае больш за 25%.
         - Перад сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці стаяць задачы па пашырэнні ўдзелу арганізацый-заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з перспектыўнымі патрэбамі інавацыйнага развіцця галін эканомікі і сацыяльнай сферы, далейшай аптымізацыі сеткі ПТНУ і структуры падрыхтоўкі кадраў з улікам перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, распрацоўцы і ўкараненні мадэлі прафесійна скіраванага навучання замежнай мове і інш., - адзначыў Міхаіл Андрэевіч.
         М.А.Ціханчук спыніў увагу і на выхаваўчай рабоце:
         - Шосты школьны дзень эфектыўны тады, калі дзеці і іх бацькі могуць актыўна праявіць сябе і сваю ініцыятыву ў розных занятках па інтарэсах, конкурсах, канцэртах і іншых мерапрыемствах. Для гэтага педагогі павінны забяспечыць максімальна разнастайныя формы заняткаў. Асабліва важным з’яўляецца развіццё ў школах фізкультурна-аздараўленчага і працоўнага напрамкаў работы. Так, вопыт сёлетняй летняй аздараўленчай кампаніі паказаў, што дзеці добра і з задавальненнем не толькі забаўляюцца, але і працуюць. У грамадска карысных справах было задзейнічана каля 31,5 тысячы школьнікаў.
         Якасць адукацыйнага працэсу залежыць ад кадравага патэнцыялу галіны. Сёння ў вобласці ёсць шмат прыкладаў эфектыўнай кіраўніцкай практыкі дырэктараў і іх намеснікаў: абласны ліцэй імя П.М.Машэрава, ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна, гімназіі №№ 2 і 6, сярэднія школы №№ 8, 18 і 20 Брэста, сярэдняя школа № 3 Бярозы, ліцэй № 1, гімназіі №№ 1 і 5, сярэдняя школа № 16 Баранавіч, Вярховіцкая сярэдняя школа Камянецкага раёна, Косаўская сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна, сярэдняя школа № 2 Маларыты, сярэдняя школа № 2 Століна, сярэднія школы №№ 1 і 3 Кобрына, гімназія Белаазёрска і інш. Іх кіраўнікі часта дзеляцца вопытам з калегамі на абласным узроўні. Гэта вельмі важна, бо адна з галоўных задач у рабоце з кадрамі – бесперапыннае павышэнне кіраўніцкай кампетэнтнасці, якая ўплывае на многія напрамкі адукацыйнага працэсу.
         - Перад сістэмай адукацыі вобласці стаіць шмат задач, - адзначыў кіраўнік Брэстчыны К.А.Сумар. – Патрабуе хутчэйшага абнаўлення вучэбна-матэрыяльная і спартыўная база многіх устаноў адукацыі. Мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям будзе і далей аказвацца ўсялякая падтрымка з боку органаў улады. На жаль, засмучаюць узровень ведаў навучэнцаў і прафесійная кампетэнтнасць некаторых педагогаў, сведчаннем чаму з’яўляюцца сумныя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяднага руху. Улічваючы гэта, неабходна павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй працы.
         Надзвычай актуальным пытаннем застаецца ўдасканаленне сістэмы аплаты працы педработнікаў і тэхперсаналу. Жыццё паказвае, што да рацыяналізацыі сеткі ўстаноў адукацыі варта падыходзіць у індывідуальным парадку. Трэба паляпшаць якасць прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, а таксама павышаць эфектыўнасць метадычнай дзейнасці Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Школа павінна складаць дастойную канкурэнцыю рэпетытарству.
         Павышанай увагі, на думку К.А.Сумара, патрабуе выкладанне замежнай мовы ў старшых класах, прычым вывучацца яна павінна паглыблена і паскорана. Ва ўстановах адукацыі трэба больш актыўна ствараць спартыўныя класы. У іх рабоце можна паспяхова задзейнічаць выдатную спартыўную базу гарадоў. На ўзроўні аблвыканкама прынята распараджэнне аб зніжэнні дакументаабароту ў школах. Дакумент дакладна акрэсліў кола асоб, якія маюць права патрабаваць напісанне розных справаздач. 
         Намеснік прэм’ер-міністра А.А.Тозік таксама спыніў увагу на праблемных пытаннях адукацыйнай галіны:
         - Галоўнае – якасць адукацыі. Гэта патэнцыял, які гарантуе паспяховае развіццё краіны. Наша задача – дасягнуць якасці адукацыі праз аптымізацыю сеткі навучальных устаноў, а таксама стварыць матэрыяльную базу, якая адпавядала б не сённяшняму, а ўжо заўтрашняму дню.
         Зразумела, што ў сферы адукацыі павінна быць дастойная аплата працы. Аптымальна, калі настаўніцкі заробак будзе раўняцца сярэдняму заробку па краіне. Гэтага магчыма дасягнуць за кошт рацыянальнага і асэнсаванага размеркавання ўнутраных рэзерваў і рэсурсаў галіны, пашырэння пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў і дыферэнцаванага падыходу да аплаты настаўніцкай працы.
         Нельга абыходзіць увагай праблему замацавання маладых спецыялістаў, асабліва ў сельскіх рэгіёнах. Выхавальнік дзіцячага садка неабавязкова павінен мець вышэйшую адукацыю. Такіх спецыялістаў можна рыхтаваць пасля базавай школы. Сёння ўжо прапрацоўваецца гэтае пытанне.
         На жаль, пакуль не ўдалося цалкам адысці ад распаўсюджанай ацэнкі эфектыўнасці работы школы па выніках паступлення выпускнікоў у ВНУ. Галоўнае, каб чалавек знайшоў сябе ў жыцці. Надзвычай актуальным з’яўляецца і выхаванне ў маладога пакалення паважлівага стаўлення да фізічнай працы са школы. Прычым падлеткі павінны добра разумець, што вучоба – гэта таксама цяжкая і сур’ёзная праца.
         Годным завяршэннем нарады стала ўшанаванне лепшых педагогаў Брэстчыны. З рук К.А.Сумара яны атрымалі граматы, падзячныя пісьмы і прэміі аблвыканкама. У сваю чаргу міністр адукацыі С.А.Маскевіч уручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”. Сярод узнагароджаных – дырэктар Калаўровіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Я.М.Вакуліч, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 19 Брэста І.Г.Прыступчык, настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Брэста В.І.Рэчкіна, настаўніца геаграфіі гімназіі Ганцавіч Т.С.Цюкіна, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама А.В.Вабішчэвіч і дырэктар сярэдняй школы № 6 Брэста А.Р.Сцепанюк.
         - Галоўны патэнцыял сістэмы адукацыі – гэта неабыякавыя і кампетэнтныя педагогі, разумныя і таленавітыя дзеці, - адзначыў С.А.Маскевіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
 

 
поделиться в: