Школы закрываюцца, рэарганізоўваюцца, будуюцца…

26.8.2013
 
Ва ўстановах адукацыі завяршылі работу спецыяльныя міжведамасныя камісіі, якія вызначалі ступень падрыхтаванасці школ і дзіцячых садкоў да першага верасня. Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі Брэстчыны да новага навучальнага года нашай газеце расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Міхаіл Андрэевіч Ціханчук:
- Сёлета ў рамках дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных праграм рэалізоўваліся мерапрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне ўмоў для ўстойлівага развіцця сістэмы адукацыі вобласці, удасканалення адукацыйнага працэсу, выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у адукацыі. Працягвалася работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Да канца жніўня будзе забяспечана гатоўнасць усіх устаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года.
Сёння на Брэстчыне працуе 1260 устаноў адукацыі, што на 43 менш, чым летась. У параўнанні з папярэднімі гадамі бюджэтнае фінансаванне галіны істотна павялічылася (3,9 трыльёна рублёў ці 30,6% ад абласнога бюджэту).  
Працягваецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Сёлета было закрыта 25 малакамплектных школ, рэарганізавана 14. Спынілі работу 2 дашкольныя ўстановы і 2 установы дадатковай адукацыі, 3 вячэрнія школы, 9 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў, прафесійна-тэхнічны каледж, школа-інтэрнат, у двух сацыяльна-педагагічных цэнтрах ліквідаваны дзіцячыя сацыяльныя прытулкі. Гэта дазволіць сэканоміць амаль 11 мільярдаў рублёў у год.    
У мінулым навучальным годзе ў вобласці працавала 91 школа, дзе атрымлівалі веды да 50 навучэнцаў, 242 установы мелі класы з напаўняльнасцю да 5 чалавек, у 57 класах навучалася па адным дзіцяці. Колькасць такіх школ і класаў сёлета скарацілася ўдвая.
         Што тычыцца міжшкольных ВВК, у 10 установах у новым навучальным годзе не будзе ажыццяўляцца набор у 10 клас, а ў наступным годзе гэтыя камбінаты закрыюцца. Тым не менш пакуль не вырашана пытанне аб закрыцці 7 ВВК – у Брэсце і Кобрыне, Камянецкім, Пінскім, Пружанскім, Івацэвіцкім і Столінскім раёнах.
         Назіраецца невысокая выніковасць работы гімназій Іванава, Камянца, Пружан, Кобрына, №№ 3 і 4 Брэста. Пры залічэнні ў іх амаль адсутнічае конкурс. Улічваючы гэта, далейшае існаванне гэтых устаноў у такім статусе з’яўляецца немэтазгодным.
         У новым навучальным годзе адукацыйны працэс будуць забяспечваць каля 18 тысяч настаўнікаў, за парты сядуць больш за 157,6 тысячы школьнікаў. Радуе, што колькасць першакласнікаў паступова павялічваецца.
         Для арганізацыі падвозу дзяцей да месцаў навучання выкарыстоўваецца 256 школьных аўтобусаў. Сёлета будзе набыта яшчэ 16, а 10 аўтобусаў будуць перададзены ў якасці спонсарскай дапамогі ад Банка развіцця Беларусі. Акрамя таго, для падвозу задзейнічаны 21 аўтобус прадпрыемстваў і грамадскі транспарт.    
         У 2013 годзе на Брэстчыне працягвалася будаўніцтва новых аб’ектаў адукацыі. Так, пабудаваны дзіцячы сад на 234 месцы ў Баранавічах, завяршаецца ўзвядзенне дзіцячых садоў на 170 месцаў у Іванаве і на 75 месцаў у вёсцы Рамель Столінскага раёна, а таксама рэканструкцыя Пагост-Загародскай сярэдняй школы Пінскага раёна. Да канца гэтага года плануецца адкрыць 5 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Іванаве, Брэсце, Баранавіцкім, Пінскім і Ганцавіцкім раёнах. Працягваецца будаўніцтва сярэдніх школ на 1120 месцаў у 4-м Паўднёва-Заходнім мікрараёне Брэста і на 1020 месцаў у мікрараёне Радужны Пінска. Гэтыя ўстановы прымуць дзяцей у будучым годзе.
Па выніках 8 месяцаў бягучага года на будаўніцтва аб’ектаў адукацыі з бюджэту было накіравана амаль 106 мільярдаў рублёў (гадавы план 193 мільярды). Ва ўсіх рэгіёнах вобласці, акрамя Бярозаўскага, Брэсцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў, значна павялічаны планавыя асігнаванні на гэтыя мэты. Ход рамонтных работ стрымліваецца з-за працяглых працэдур дзяржаўных закупак (нізкая выніковасць электронных аўкцыёнаў, неабходнасць правядзення паўторных працэдур закупак).
Найбольшы аб’ём рамонтна-будаўнічых работ выкананы ў Брэсце (14,4 мільярда рублёў), Кобрынскім (10,6 мільярда) і Баранавіцкім (6,6 мільярда) раёнах. У сувязі з правядзеннем абласных “Дажынак” значныя сродкі выдзелены на рамонт устаноў адукацыі Ляхавіччыны. Высокі ўзровень гатоўнасці школ паказваюць у Баранавіцкім, Драгічынскім, Жабінкаўскім і Ляхавіцкім раёнах, Ленінскім раёне Брэста і Баранавічах.
Пашыраецца сетка дашкольных устаноў – як за кошт новага будаўніцтва, так і за кошт рэарганізацыі. Так, вывад 17 першых класаў з будынкаў дашкольных устаноў дадаткова забяспечыць да 450 месцаў у рэгіёнах, дзе існуе праблема з уладкаваннем дзяцей у садкі. Разам з тым забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах Брэста летась склала ўсяго каля 90%. Пры гэтым у садках працягваюць выкарыстоўвацца групавыя памяшканні не па прызначэнні.
Штогод у вобласці перавыконваецца план па адкрыцці новых форм дашкольнай адукацыі. Найбольш запатрабаванымі сярод бацькоў з’яўляюцца адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы па навучанні дзяцей пісьму.
У школы пастаўлена 37 камп’ютарных класаў, 4 мабільныя класы, 23 комплексы для мадэрнізацыі бібліятэк, 44 камплекты лабараторных работ па фізіцы. Састарэлая камп’ютарная тэхніка паступова выводзіцца з эксплуатацыі, але абнаўленне камп’ютарных класаў адбываецца марудна. Многія з іх не адпавядаюць сучасным патрабаванням. За кошт рэспубліканскага бюджэту ў верасні школы атрымаюць абсталяванне для трох кабінетаў фізікі з 38, запланаваных на гэты год.
Недастатковая работа праводзіцца па набыцці мэблі для ўстаноў адукацыі за кошт мясцовых бюджэтаў. Асобныя раёны (Ганцавіцкі, Жабінкаўскі, Іванаўскі і Пружанскі, Пінск) увогуле не ажыццяўлялі закупку мэблі.
Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі вобласці паляпшалася і за кошт пазабюджэтных сродкаў. Вялікую работу ў падрыхтоўцы школ і садкоў правялі педкалектывы і бацькі дзяцей. Найбольшыя сумы пазабюджэтных сродкаў прыцягнулі ў Брэсце (6,5 мільярда рублёў), Пінску (3,8 мільярда), Баранавічах (2 мільярды), Кобрынскім (1,1 мільярда), Івацэвіцкім, Лунінецкім і Столінскім (па 0,8 мільярда) раёнах. Значную дапамогу аб’ектам адукацыі па добраўпарадкаванні тэрыторый аказваюць базавыя арганізацыі. Так, ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” выканаў у сярэдняй школе № 1 Бярозы работы на суму больш за 200 мільёнаў рублёў.
Калі гаварыць пра кадравае забеспячэнне галіны, то ў вобласці вядзецца пастаянная работа па павышэнні адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў. Колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася амаль да 93%, з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй – амаль да 34%.
У новым навучальным годзе да работы прыступяць 537 маладых спецыялістаў (пры заяўцы 600). У асобных раёнах захоўваецца дэфіцыт настаўнікаў фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага профілю, замежнай мовы, педагогаў спецыяльнай адукацыі. Так, патрэба ў настаўніках фізіка-матэматычнага профілю складае 122 чалавекі, а сёлетні выпуск спецыялістаў у БрДУ імя А.С.Пушкіна – 84. 
Праблему ўкамплектавання ўстаноў адукацыі неабходнымі кадрамі па асобных профілях, асабліва ў сельскай мясцовасці, плануецца вырашыць за кошт пенсіянераў і студэнтаў выпускных курсаў УВА. Напрыканцы мінулага навучальнага года ва ўстановах адукацыі працавала 9% педработнікаў, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, і 2,4% студэнтаў. Пры гэтым каля 37% такіх педагогаў працавала ў сельскай мясцовасці.
Пасля двухгадовай адпрацоўкі па месцы размеркавання замацоўваецца каля 76% маладых спецыялістаў, у сельскай мясцовасці – амаль 74%. Гар(рай)выканкамы імкнуцца ствараць неабходныя ўмовы для працы і побыту маладых педагогаў.
Сумесная мэтанакіраваная работа гар(рай)выканкамаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама і іншых зацікаўленых структур па стварэнні належных матэрыяльна-тэхнічных, эстэтычных і санітарных умоў ва ўстановах адукацыі Брэстчыны, адпаведных сучасным патрабаванням, забяспечвае гатоўнасць устаноў да новага навучальнага года, стварае ўмовы для павышэння якасці адукацыйных паслуг і ўстойлівага развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі. 
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: