Алімпійцы сярод нас

2.8.2013
Пад такім дэвізам на базе Брэсцкага лёгкаатлетычнага манежа адбыліся фінальныя спаборніцтвы VІ Абласной алімпійскай спартакіяды на прызы Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці. У спартыўным марафоне ўдзельнічалі 20 лепшых школьных клубаў “Юны алімпіец”.
На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды прысутнічалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, старшыня рэгіянальнага Прадстаўніцтва НАК Беларусі Л.А.Цупрык, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук, а таксама ганаровыя госці – алімпійскія чэмпіёны Юлія Несцярэнка і Сяргей Мартынаў.
- Алімпійская спартакіяда з’яўляецца спартыўна-адукацыйным праектам, ініцыіраваным Прадстаўніцтвам НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці ў 2008 годзе і падтрыманым абласнымі ўпраўленнямі адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, - расказала вядучы спецыяліст Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Ірына Альшова. – Брэстчына – першы рэгіён у краіне, дзе праводзіцца алімпійская спартакіяда сярод клубаў “Юны алімпіец”. Важна, што спартакіяда – гэта не проста спаборніцтвы, а найперш прапаганда алімпійскага руху сярод моладзі.
У рамках спартакіяды прайшла выстава 300 лепшых творчых работ удзельнікаў 4-х алімпійскіх конкурсаў, якія адбыліся ў мінулым навучальным годзе. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны 20 школьнікаў.
Навучэнцы маглі задаць пытанні вядомым спартсменам, атрымаць іх аўтографы і сфатаграфавацца з імі на памяць. А захапляльная спартландыя вызначыла тры лепшыя каманды. Першае месца ў трэці раз заваявалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 16 Брэста. На другім месцы – юныя спартсмены з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна, на трэцім – каманда клуба “Юны алімпіец” з Белавежскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

НА ЗДЫМКАХ: аўтограф ад Юліі Несцярэнка; падчас спаборніцтваў.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: