Эфектыўнасць урока павысіць інтэрнэт

12.6.2013
 
Мерапрыемства праводзілася з мэтай актывізацыі педагагічнай дзейнасці настаўнікаў замежных моў па развіцці камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў, выяўлення, вывучэння і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту настаўнікаў, якія паспяхова выкарыстоўваюць камунікатыўна-арыентаваныя тэхналогіі навучання і забяспечваюць высокую якасць практычнага валодання школьнікамі замежнай мовай.
         Сваімі напрацоўкамі падзяліліся педагогі з 10 устаноў адукацыі вобласці. У кожнага настаўніка была чаму павучыцца. Так, В.В.Брыч з ліцэя Івацэвіцкага раёна расказала пра вопыт выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў у актывізацыі камунікатыўнай дзейнасці навучэнцаў. Па словах педагога, асноўнымі відамі дзейнасці пры навучанні замежнай мове павінны быць такія метады і прыёмы, якія стымулююць самастойнае мысленне школьнікаў, пабуджаюць да разважанняў і аргументацыі ўласных меркаванняў па пэўнай праблеме.
         - Для эфектыўнага навучання неабходна максімальна наблізіць умовы камунікацыі да рэальных, - адзначыла Вольга Валер’еўна. – На ўроках мы мадэліруем розныя сітуацыі зносін: пішам лісты выдуманым сябрам у Брытаніі, браніруем білеты ў касе, заказваем абед у рэстаране, аглядаем славутыя мясціны. Але як бы мы ні стараліся, усе нашы дзеянні даволі ўмоўныя, а рэальная камунікацыя адсутнічае. У такой сітуацыі на дапамогу могуць прыйсці інтэрнэт-рэсурсы. Не сакрэт, што сённяшнія школьнікі шмат часу праводзяць у інтэрнэце. Задача педагога – рацыянальна выкарыстаць яго пры навучанні, каб павысіць эфектыўнасць урока.
         У інтэрнэце можна знайсці любую краіназнаўчую інфармацыю і неабходную літаратуру. Навучэнцы могуць удзельнічаць у тэсціраванні, віктарынах, конкурсах і алімпіядах, якія праводзяцца ў інтэрнэт-прасторы, у чатах і відэаканферэнцыях, а таксама перапісвацца з замежнымі равеснікамі. Такая работа падабаецца дзецям любога ўзросту. Аднак практыка паказвае, што вывучэнне замежнай мовы з дапамогай падобных рэсурсаў не заўсёды дае чаканы вынік, паколькі большасць з іх носяць безадрасны характар, а працэс работы з імі з’яўляецца стыхійным і бескантрольным. У такой сітуацыі настаўнік павінен старанна каардынаваць работу школьнікаў з інтэрнэт-рэсурсамі і накіроўваць дзейнасць навучэнцаў у патрэбнае рэчышча.
         На думку В.В.Брыч, аптымальным спосабам арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў у інтэрнэце з’яўляецца выкарыстанне тэхналогій, заснаваных на сукупнасці пошукавых і праблемных відаў работы: Hotlist (спіс спасылак), Multimedia Scrapbook (мультымедыйная калекцыя), Treasure Hunt (пошук скарбаў), Subject Sampler (калекцыя прыкладаў) і інш. Паслядоўнасць і спалучэнне кожнай тэхналогіі залежыць ад канкрэтнай дыдактычнай задачы.
         - Для заключных урокаў па пэўнай тэме ідэальна падыходзіць тэхналогія вэб-квэсту, - расказала В.В.Брыч. – Гэта інтэрнэт-праект, разлічаны на адзін ці некалькі ўрокаў (у тым ліку і пазаўрочную дзейнасць), падчас якога навучэнцы дзеляцца на малыя групы і атрымліваюць праблемныя заданні (лепш за ўсё падбіраць спрэчныя шматбаковыя аспекты праблемы). Вельмі добра падыходзяць для гэтага бягучыя падзеі, сацыяльныя і экалагічныя праблемы, якія абмяркоўваюцца з розных бакоў. Школьнікі пачынаюць работу фактычна з вывучэння сутнасці праблемы. Так, ва ўводзінах у вэб-квэст “Выхадныя ў Лондане” дзецям прапаноўваецца спланаваць выхадныя для сям’і з чатырох чалавек у англійскай сталіцы. Перад школьнікамі ставяцца практычныя мэты і задачы. Далей навучэнцы дзеляцца на сем’і, размяркоўваюць ролі мамы, таты, сына і дачкі, складаюць легенду пра сябе (імя, узрост, інтарэсы, мясціны, якія хацелі б наведаць у Лондане). Члены сям’і прадстаўляюць адно аднаго астатнім сем’ям.
         На другім этапе вэб-квэсту дзецям трэба навучыцца браніраваць білеты праз інтэрнэт, выбіраючы найбольш выгадную прапанову, і разлічыць кошт пералёту туды і назад. Усё гэта можна зрабіць на сайце авіякампаніі. Школьнікі ўводзяць дату палёту, маршрут і такім чынам падбіраюць аптымальны варыянт.
         На трэцім этапе выканання вэб-квэсту кожны член сям’і выбірае тыя славутыя мясціны Лондана, якія хацеў бы наведаць, і адзначае іх на інтэрактыўнай карце гэтага горада. На чацвёртым этапе школьнікі знаёмяцца са спасылкамі, з якіх даведваюцца, калі можна наведаць выбраныя імі мясціны, колькі гэта будзе каштаваць і як туды дабрацца. Кожны запаўняе табліцу, пасля чаго сем’і абмяркоўваюць і складаюць зручны для ўсіх графік.
         Далей сем’і шукаюць у Лондане атэль, дзе можна спыніцца на выхадныя. Пры гэтым навучэнцам трэба падабраць месца пражывання, зыходзячы з сумы, якую мае сям’я (напрыклад, 400 фунтаў). Важна, што ў рэжыме нязмушаных рэальных зносін актывізуецца тэматычная лексіка. Дзеці бачаць розніцу паміж атэлем і хостэлам, ацэньваюць раскошу пяцізоркавай гасцініцы.
         Затым, карыстаючыся транспартнай схемай горада, навучэнцы распрацоўваюць маршрут руху па Лондане і яго кошт. Школьнікам прапаноўваецца скарэкціраваць графік выхадных, улічваючы інтарэсы ўсіх членаў сям’і. На апошнім этапе ацэньваецца індывідуальная і групавая работа навучэнцаў, правяраецца ступень засвоенасці матэрыялу па тэме “Славутыя мясціны Лондана”.   
         Па словах В.В.Брыч, такі від дзейнасці вельмі цікавы школьнікам і адпавядае патрабаванням сучаснага ўрока. У інтэрнэце можна знайсці вэб-квэст на любы густ ці распрацаваць свой. На сайце www.filamentality.com размешчаны шэраг распрацовак Вольгі Валер’еўны.
         В.А.Лаўрэнцьева з гімназіі № 3 Баранавіч падзялілася вопытам па выкарыстанні сацыяльных сетак пры арганізацыі сеткавага навучання замежнай мове. З дапамогай сацыяльных сетак можна эфектыўна арганізаваць калектыўную работу размеркаванай вучэбнай групы, доўгатэрміновую праектную дзейнасць, міжнародныя абмены, у тым ліку навукова-адукацыйныя, мабільную бесперапынную адукацыю і самаадукацыю, сеткавую работу людзей, якія знаходзяцца ў розных краінах. Выкарыстанне сацыяльных сетак у вучэбна-выхаваўчым працэсе садзейнічае абмену інфармацыяй, павышае матывацыю дзяцей да вучэбнай дзейнасці, стымулюе развіццё творчых здольнасцей і пазнавальны інтарэс. Сеткавая прастора дазваляе настаўніку падтрымліваць сувязь з бацькамі. Сёння ў інтэрнэце існуюць некалькі сацыяльных сетак, прызначаных для вывучэння замежных моў: lang-8.com, sharedtalk.com, omegle.com, langled.com, englishbaby.com, interpals.net, livemocha.com.
         Н.С.Савіч з Чухаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна расказала пра выкарыстанне камунікатыўна-арыентаваных заданняў на ўроках нямецкай мовы на аснове імітацыйных, гульнёвых і вольных зносін. Па словах педагога, заданні, арыентаваныя на камунікатыўную імітацыю, выконваюцца на аснове ўзораў дыялогаў і маналогаў. Пасля азнаямлення з лексічнымі адзінкамі і граматычнымі структурамі, якія выкарыстоўваюцца ва ўзоры, для іх замацавання навучэнцы разыгрываюць праслуханы дыялог/маналог ці прачытаны тэкст у аналагічных сітуацыях зносін.
         Адным з эфектыўных сродкаў вывучэння замежнай мовы з’яўляецца песня, асабліва калі выкарыстоўваецца сучасны і змястоўны песенны ці музычны матэрыял. Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе камунікатыўным і ролевым гульням. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць такія гульні, як “Запрашэнне на вечарынку”, “Пункт погляду”, “Адзін дзень у Берліне”, “А што здарыцца, калі…”, “Калі б я быў…” і “Уікенд”. Творчыя ролевыя зносіны патрабуюць развітых сацыяльных уменняў. Таму ролевыя гульні на ўроках даволі часта ўключаюць элементы сацыяльнага трэнінгу (практыкаванні ў зносінах). Настаўніца звяртаецца да практыкаванняў, скіраваных на трэніроўку школьнікаў у выказваннях этыкетнага характару, складанні мікрадыялогаў у парах у рамках прапанаванай сітуацыі, а таксама развіццё навыкаў вядзення размовы па тэлефоне. На заключным этапе засваення вывучанага матэрыялу педагог прапаноўвае дзецям сітуацыі вольных зносін.
         І.К.Ячнік з сярэдняй школы № 25 Брэста падзялілася вопытам па выкарыстанні мадэльнага тэксту ў фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. А.М.Ляшчук з Маларыцкай раённай гімназіі засяродзіла ўвагу на кагнітыўным і сацыякультурным развіцці дзяцей пры навучанні замежнай мове, ролі наглядных матэрыялаў (карты замежных краін, дзіцячыя газеты і часопісы носьбітаў замежнай мовы, замежныя сувеніры, меню і рэцэпты, расклады цягнікоў, фотаздымкі, відэафільмы) у эфектыўным выкладанні прадмета. Я.М.Багатка з гімназіі № 3 Пінска расказаў пра інтэрактыўныя формы работы з навучэнцамі на ўроках і дадатковых занятках па англійскай мове, а Л.І.Трыбухоўская з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч – пра выкарыстанне лінгвакраіназнаўчага матэрыялу пры вывучэнні нямецкай мовы.   
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: