“Радавод” паклікаў у карагод

3.6.2013
 
Каля 1700 педагогаў і навучэнцаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы з’ехаліся на два дні ў Іванава Брэсцкай вобласці, каб прыняць удзел у V Абласным адкрытым фальклорным фестывалі “Радавод”. Арганізавалі творчае мерапрыемства, якое ладзіцца адзін раз у два гады, упраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, абласны цэнтр маладзёжнай творчасці, абласны камітэт БРСМ і Іванаўскі райвыканкам.
         Гаспадары фестывалю пастараліся зрабіць знаходжанне гасцей у прыгожым палескім гарадку максімальна насычаным, утульным, незабыўным і шчодрым на добрыя ўражанні. Зранку на цэнтральнай плошчы Іванава разгарнулася работа выстаў народнай творчасці “Горад майстроў” і “Бабуліна кухня”. На іх можна было не толькі ўбачыць арыгінальныя вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і пачаставаць традыцыйныя беларускія стравы, апетытна расстаўленыя сярод імправізаных атрыбутаў вясковай хаты. Навучэнцы малявалі, вышывалі і плялі з саломкі.
         Пасля святочнага шэсця ўдзельнікаў фальклорных і гасцявых калектываў па цэнтральнай вуліцы горада на плошчы быў зладжаны вясенне-летні абрад “Юр’я”. З галоўнай сцэны фестывалю аматараў фальклору віталі арганізатары мерапрыемства.
         - “Радавод” сімвалізуе повязь пакаленняў, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Важна, што культурныя і духоўныя набыткі нашых папярэднікаў не страчаны, а традыцыі старанна захоўваюцца і працягваюцца моладдзю.
         - Гэта сапраўднае свята нацыянальнай культуры і фальклорных традыцый, - дадаў старшыня Іванаўскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун. – Фестываль – цудоўная магчымасць пазнаёміцца з новымі калектывамі, паказаць сябе, завесці сяброў. Такія святы духоўна абагачаюць, садзейнічаюць захаванню культурных набыткаў продкаў.
         Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю пачаліся выступленні ўдзельнікаў. Нават цёплы вясенні дождж не перашкодзіў ім і не сапсаваў святочны настрой. На сцэну выходзілі фальклорныя і фальклорныя танцавальныя калектывы, інструментальныя і сямейныя фальклорныя групы, выканаўцы на старажытных музычных і шумавых інструментах і салісты-выканаўцы абрадавых песень. Удзельнікі спаборнічалі ў конкурсах касцюмаў у стылі фольк-мадэрн, вядучых гульняў і забаў, кулінарным майстэрстве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожнаму рэгіёну было што паказаць і чым здзівіць шматлікіх гледачоў.
         Падчас фестывалю працавала дзіцячая гульнёвая пляцоўка “Берасцейскі куфар”, а ў розных мікрараёнах горада былі разгорнуты канцэртныя пляцоўкі. Першы дзень завяршыўся ўзнагароджаннем удзельнікаў і вячэрнім балем.
         У другі дзень фестываль працягнуўся ў гарадскім парку на летняй танцавальнай пляцоўцы. Тут прайшоў конкурс танцавальных пар – выканаўцаў побытавых танцаў. А завяршылася двухдзённае мерапрыемства навукова-практычнай канферэнцыяй “Фальклорная спадчына Брэсцкага Палесся як аснова этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі”.
         - Фестываль паказаў, што на Брэстчыне шмат адметных фальклорных калектываў, якія захоўваюць традыцыі і культуру продкаў. Гэта пацвярджае, што выхаваўчая работа ў школах вядзецца на высокім узроўні, - адзначыла старшыня журы фестывалю, галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення адукацыі Л.А.Цупрык.
         Удзельнікі фестывалю былі адзначаны ў розных намінацыях. Назавём уладальнікаў дыпломаў І ступені за лепшую выставу ў конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, культуру прыгатавання і зберажэння штодзённай і святочнай абрадавай кухні, пераемнасць і зберажэнне вуснай народнай творчасці, высокае выканаўчае майстэрства музычнага, песеннага і танцавальнага рэгіянальнага фальклору, высокае выканаўчае майстэрства ў стылі фольк-мадэрн, пераемнасць мясцовых традыцый і высокае выканаўчае майстэрства рэгіянальнага фальклору, зберажэнне і захаванне рэгіянальнага касцюма, ігру на старадаўнім музычным інструменце ліра. Сярод іх – Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна (дырэктар І.М.Іванюк), Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна (дырэктар А.А.Харошка), Глеб Сідар, удзельнік фальклорнага калектыву “Кужалёк” з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч (кіраўнік Н.М.Сідар), музычна-фальклорны ансамбль “Зараначка” з сярэдняй школы № 2 Століна (кіраўнік Г.Л.Капко), танцавальная група ўзорнага аб’яднання аматараў фальклору “Катрынка” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна (кіраўнік Л.І.Лізякіна), узорная вакальная студыя “Крыніца дабрыні” (кіраўнік Н.Г.Ерусенка) і ўзорны ансамбль эстраданага танца (кіраўнік А.Ю.Кабак) з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, узорны ансамбль “Весялінка” з сярэдняй школы № 1 Століна (кіраўнік Т.Я.Дзенісовіч), фальклорнае аб’яднанне з Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Т.Д.Грыцук), фальклорны калектыў “Лінькі” з Лінаўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна (кіраўнік М.Г.Куш), фальклорны калектыў “Высэлыкы” з Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, узорная студыя “Вышыванка” з Цэнтра пазашкольнай работы Століна (кіраўнік В.М.Лёгкая), фальклорны калектыў “Раніца” з Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік В.Р.Лінкевіч), Ганна Шлама, салістка фальклорнага ансамбля “Спадчына” з Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Пінска (кіраўнік К.І.Уладыкоўская) і ўзорны фальклорны гурт “Сунічка” з сярэдняй школы вёскі Вулька – 1 Лунінецкага раёна (кіраўнікі У.К.Калянковіч і Г.Я.Мазько).   
         Лепшымі танцавальнымі парамі – выканаўцамі побытавых танцаў сталі Яўген Каральчук і Хрысціна Сала з сярэдняй школы № 2 Століна (кіраўнік І.Л.Лёгкі), Аляксей Пяткевіч і Вольга Рыбак, Антон Прымшыц і Юлія Зяцікава з сярэдняй школы № 13 Баранавіч (кіраўнік Т.І.Варашылава).  
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.
 

 
поделиться в: