Краіны розныя, задачы адзіныя

28.5.2013
 
На ІІІ Міжнароднай канферэнцыі педагогаў сістэмы спецыяльнай адукацыі, якая адбылася ў Брэсце, сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Венгрыі, Чарнагорыі і Польшчы, каб абмеркаваць работу з бацькамі, што выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ЦКРНіР.
         - Мэта канферэнцыі – павышэнне якасці работы, абмен вопытам па яе арганізацыі і псіхолага-педагагічным суправаджэнні сем’яў, што выхоўваюць “асаблівых” дзяцей. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі асаблівасці псіхолага-педагагічнага суправаджэння сем’яў, што выхоўваюць дзяцей з АПФР, узаемадзеяння педагогаў з бацькамі ў карэкцыйна-педагагічным працэсе, сацыялізацыі асоб з АПФР шляхам дадатковай адукацыі, арганізацыі сумеснага дзіцяча-бацькоўскага адпачынку, а таксама асаблівасці фарміравання талерантнага адукацыйнага асяроддзя падчас інтэграцыі “асаблівых” дзяцей у агульнаадукацыйныя ўстановы, - расказала дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук.
         Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі наведалі інтэграваны канцэрт з удзелам выхаванцаў ЦКРНіР, спецыяльных школ-інтэрнатаў і дапаможных школ, фестываль бацькоўскіх клубаў, выставу-дэгустацыю “Бабулін пачастунак” і выставы самаробных сродкаў навучання і рэабілітацыі, а таксама дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей з АПФР. Адкрыў мерапрыемства начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, які пазнаёміў педагогаў з сістэмай спецыяльнай адукацыі Брэстчыны.
         Дырэктар Будапешцкай школы для тугавухіх дзяцей, член прэзідыума Асацыяцыі дэфектолагаў Венгрыі Віраг Селешыне Шыпаш расказала, што ў іх краіне назіраецца збліжэнне масавай і спецыяльнай адукацыі, інтэнсіўна развіваецца інтэграванае навучанне. У спецыяльных установах знаходзяцца толькі цяжкахворыя дзеці. Вялікая ўвага ўдзяляецца сумеснай рабоце з бацькамі, што забяспечвае большую выніковасць карэкцыйнай дзейнасці. Пры гэтым працэс узаемадзеяння з бацькамі даволі складаны і патрабуе ўвагі, павагі і тактоўнасці з абодвух бакоў. З бацькамі ладзяцца розныя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і спецыялістаў. На сайце школы шмат актуальнай і карыснай інфармацыі.
         - У нашым грамадстве існуюць істотныя праблемы ў адносінах да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, - адзначыла старшыня аб’яднання дапамогі асобам з псіхафізічнымі адхіленнямі з чарнагорскага Нікшыча Мілуша Цыца Жугіч. – Даволі часта ўрачы не ведаюць, куды накіраваць бацькоў “асаблівых” дзяцей, не даюць ім добрых парад па іх выхаванні. Дзяржава аказвае нязначную падтрымку бацькам такіх дзяцей, якія ў большасці жывуць вельмі бедна. “Асблівыя” дзеці не ходзяць у садкі і школы. Настаўнікі недастаткова падрыхтаваны да работы з імі. Наша аб’яднанне аказвае падтрымку бацькам у выглядзе юрыдычных і псіхалагічных кансультацый.
         Ва Украіне, як расказала дырэктар вучэбна-рэабілітацыйнага цэнтра Рожышча Валынскай вобласці Т.У.Казубовіч, адбываецца рэфармаванне сістэмы спецыяльнай адукацыі. Так, спецыяльныя школы пераўтвараюцца ў вучэбна-рэабілітацыйныя цэнтры. Работа такіх цэнтраў уключае дзейнасць аздараўленча- і інклюзіўна-рэабілітацыйных груп. Ажыццяўляецца пастаяннае медыка-псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей, якім неабходна адпаведная дапамога. Бацькі ўдзельнічаюць не толькі ў рэабілітацыйна-развіццёвых мерапрыемствах, але і ў культурна-забаўляльных. Рэгулярна праводзяцца бацькоўскія сходы-трэнінгі.
         У маскоўскай спецыяльнай (карэкцыйнай) пачатковай школе – дзіцячым садзе І – ІІ віда № 1635, якую ўзначальвае Л.У.Дзмітрыева, працуюць 7 дашкольных груп і 4 пачатковыя класы (76 дзяцей). У асноўным выхоўваюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі слыху. Каля 30% іх бацькоў таксама маюць сур’ёзныя праблемы са слыхам. Задача ўстановы заключаецца ў сацыялізацыі дзяцей. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы, у тым ліку і з бацькамі: зносіны па скайпе і электроннай пошце, відэазаняткі, сумесная працоўная дзейнасць, вядзенне дзённікаў выхаднога дня, перасоўныя папкі з карыснай інфармацыяй. Бацькам прапанаваны інтэрнэт-рэсурс “Маскоўскі рэгістр якасці адукацыі” з рознымі матэрыяламі.
         З 2004 года ў польскай Гайнаўцы на базе Цэнтра дапаможнай тэрапіі для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў дзейнічае майстэрня працоўнай тэрапіі, якая займаецца сацыяльнай і прафесійнай рэабілітацыяй моладзі ва ўзросце ад 20 да 27 гадоў. Майстэрня з’яўляецца ўстановай дзённага знаходжання. Заняткі доўжацца 7 гадзін і праводзяцца па індывідуальных праграмах у малаколькасных групах мастацкай, камп’ютарнай, іконаграфічнай і артыстычнай тэрапіі. Вялікая ўвага ў цэнтры, які ўзначальвае Міхаіл Байка, удзяляецца здароваму і актыўнаму адпачынку. У майстэрні ладзяцца заняткі па развіцці ўменняў жыць у грамадстве, а таксама заняткі па кулінарным майстэрстве, эканамічнай культуры і інш.
         У другі дзень семінара на базе дапаможнай школы Брэста, абласнога ЦКРНіР, ЦКРНіР “Веда” і “Стымул”, а таксама абласнога ІРА была арганізавана работа 5 тэматычных секцый па праблемным полі мерапрыемства.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
 

НА ЗДЫМКАХ: падчас інтэграванага канцэрта; замежныя госці ў Брэсцкім абласным ЦКРНіР.

поделиться в: