Дыплом за 10 тысяч малюнкаў

21.5.2013
 
 
          Адзінаццацікласнікі Арцём Раманчук і Аксана Хвядчэня з брэсцкай гімназіі № 5 вярнуліся з VІІ Міжнароднага конкурсу “Матэматыка і праектаванне”, які прайшоў у Маскве, з дыпломам І ступені. З 32 даследаванняў, прадстаўленых у секцыі “Геаметрычныя мініяцюры”, работа нашых навучэнцаў “Хордавыя фігуры” была прызнана лепшай.
          У конкурсе, арганізатарамі якога з’яўляюцца Акадэмія сацыяльнага кіравання ўрада Маскоўскай вобласці і Інстытут матэматыкі і інфарматыкі Акадэміі навук Балгарыі, удзельнічалі навучэнцы 7 – 11 класаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана і Балгарыі (240 работ). Школьнікі прэзентавалі даследаванні ў 6 секцыях (у адной з іх паміж сабой спаборнічалі педагогі).
          - У нашай рабоце мы класіфікавалі хордавыя фігуры, якія раней не былі апісаны ў матэматыцы, - расказваюць гімназісты. – Атрыманыя фігуры мы падзялілі на 4 класы: аксамітавыя, ігольчастыя, зорчатыя і павуціны. Вынікі праведзенага даследавання (а гэта каля 10 тысяч малюнкаў) могуць выкарыстоўвацца ў дызайне і архітэктуры. Важна, што распрацаваныя фігуры вызначаюцца патэнцыяльнай трываласцю пры праектаванні розных канструкцый. Стварала малюнкі аўтарская камп’ютарная праграма з дапамогай спецыяльных формул.
          Падрыхтоўкай навучэнцаў займаўся настаўнік інфарматыкі Канстанцін Юр’евіч Яўтушанка. За тры апошнія гады яго выхаванцы заваявалі 25 дыпломаў на розных навукова-практычных канферэнцыях. Пра асабістыя дасягненні педагог гаворыць не вельмі ахвотна, бо лічыць, што гэта плён цяжкай і карпатлівай працы найперш дзяцей. Задача настаўніка – зацікавіць іх прадметам даследавання так, каб прага пазнання новага стала непераадольнай на працягу ўсяго жыцця.
У 5-й гімназіі, якую ўзначальвае заслужаная настаўніца Беларусі Л.М.Амельянюк, працуе шмат педагогаў-прафесіяналаў, пра што сведчаць і вынікі алімпіяднага руху. Так, сёлета на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе навучэнцы ўстановы атрымалі тры дыпломы (руская, англійская і іспанская мовы).  
Арцём і Аксана прызналіся, што спыняцца на дасягнутым не збіраюцца. Ім хацелася б працягнуць даследчую работу ў галіне прыкладной матэматыкі ў БДУ ці БДУІР, куды плануюць сёлета паступаць.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
 

поделиться в: