Настаўнік у чацвёртым пакаленні

30.4.2013
 
У фінал конкурсу, які праводзіўся з мэтай павышэння прэстыжу настаўніцкай працы і прапаганды эфектыўнага педагагічнага вопыту, выйшлі 6 чалавек: настаўнік англійскай мовы Яўген Анатольевіч Грыгор’еў з Дамачаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, настаўніца пачатковых класаў Таццяна Віктараўна Максімовіч з Лелікаўскай сярэдняй школы імя У.Шапецюка Кобрынскага раёна, настаўнік англійскай мовы Аляксандр Фёдаравіч Шастак з гімназіі № 4 Баранавіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Марына Эрастаўна Закірава з сярэдняй школы № 32 Брэста, настаўніца англійскай мовы Вольга Сяргееўна Самайловіч з сярэдняй школы № 5 Пружан і настаўніца хіміі Таццяна Міхайлаўна Ванюк з ліцэя Лунінца.   
         Фінальныя конкурсныя выпрабаванні ўключалі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне ў Брэсцкім абласным ІРА, правядзенне адкрытых урокаў у незнаёмых класах брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава і іх самааналіз, а таксама творчае прадстаўленне на сцэне абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Творчая частка спаборніцтва складалася з 4 конкурсаў з пэўным паэтычным дэвізам: “И в школе, и на конкурсе здесь, в Бресте, и я, и мой наставник – вместе!” (самапрэзентацыя з удзелам настаўніка-куратара), “Мне важно – в конкурсе участие: я – из учительской династии!” (абарона творчага праекта, які раскрывае значэнне пераемнасці настаўніцкай справы, адукацыйных і маральных каштоўнасцей настаўніцкіх дынастый Брэстчыны), “Творю урок, и вот – оказия: что делу даст моя фантазия?..” (конкурс мэтазгоднага прымянення прадметаў навакольнага асяроддзя ў якасці дыдактычных адзінак урока) і “Добрый и вечно сияющий свет – детский вопрос и взрослый ответ…” (конкурс адказаў на розныя педагагічныя сітуацыі).
         Т.В.Максімовіч працуе ў школе ўсяго тры гады. Тым не менш маладая настаўніца ўжо паспела заваяваць сэрцы навучэнцаў і прызнанне сярод бацькоў і калег. У прафесійным станаўленні Таццяне Віктараўне дапамагаюць адказнае стаўленне да педагагічнай дзейнасці, нястомны творчы пошук і дасканалая распрацоўка вучэбных заняткаў. Настаўніца захапляецца спортам, музыкай і паэзіяй, што садзейнічае развіццю такіх асобасных якасцей, як камунікабельнасць, крэатыўнасць і артыстызм. Жыццёвым дэвізам педагога з’яўляюцца словы І.Канта: “Работа – лепшы спосаб атрымліваць асалоду ад жыцця”. Сваё шчасце Таццяна Віктараўна знайшла якраз у настаўніцкай працы.
         Творчы падыход да навучання дзяцей дазваляе Т.М.Ванюк фарміраваць у іх станоўчую матывацыю да атрымання новых ведаў. У сваёй дзейнасці Таццяна Міхайлаўна выкарыстоўвае розныя педагагічныя тэхналогіі – мнагамерную дыдактычную і інфармацыйна-камунікацыйную тэхналогію, метад праектаў, а таксама тэхналогію даследчай дзейнасці. Педагог уваходзіць у абласную творчую групу настаўнікаў хіміі і творчую групу настаўнікаў-інаватараў сваёй навучальнай установы. Таццяна Міхайлаўна абагуліла вопыт інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне мадэлі рэалізацыі пераемнасці ў адукацыйнай сістэме “ўрок – факультатыўныя заняткі”, праводзіць раённы майстар-клас па тэме “Рашэнне задач метадам В.Э.Матуліса”. Нядзіўна, што настаўніца з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства маладых педагогаў “Мой лепшы ўрок”. Можна не сумнявацца: дзякуючы адказнасці і працавітасці, на рахунку Таццяны Міхайлаўны будзе яшчэ нямала прафесійных дасягненняў.
         А.Ф.Шастак з дзяцінства любіць маляваць, сачыняць вершы і спяваць. Раскрыць творчыя здольнасці Аляксандру Фёдаравічу дапамагла яго сям’я педагогаў. Малады настаўнік умее зацікавіць дзяцей прадметам, даць ім неабходныя веды. Педагагічнае крэда А.Ф.Шастака: “Згарэць самому – іншым даць святло!”.        
         Прадаўжальнікам сямейнай педагагічнай дынастыі з’яўляецца і Я.А.Грыгор’еў, настаўнік у чацвёртым пакаленні. Яўген Анатольевіч знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку: піша вершы, распрацоўвае сцэнарыі, спявае, актыўна ўдзельнічае ў школьных і раённых мерапрыемствах. Педагог лічыць, што настаўнік рэалізоўвае сябе ў сваіх навучэнцах, таму імкнецца зрабіць кожны ўрок незабыўным і цікавым.
         Крэда Я.А.Грыгор’ева: “Дзеці не бываюць чужымі”. Яўген Анатольевіч стараецца знайсці да кожнага навучэнца індывідуальны падыход, падабраць для кожнага патрэбныя словы, падарыць усім падтрымку і клопат. І дзеці адказваюць педагогу ўзаемнасцю. Разам з тым малады настаўнік ніколі не забывае, што педагог не толькі вучыць іншых, але і сам ні на хвіліну не перастае вучыцца. Саюз настаўніка і навучэнца – сэнс і мэта ўсёй дзейнасці Я.А.Грыгор’ева.                   
         В.С.Самайловіч у выкладанні замежнай мовы выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі і метады навучання, што дазваляе зрабіць урок максімальна цікавым і пазнавальным. Асноўная мэта работы Вольгі Сяргееўны – павышэнне ўзроўню камунікацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў. За 4 гады педагагічнай дзейнасці В.С.Самайловіч засвоіла, што майстэрства настаўніка – не выпадковая ўдача, а сістэматычная і карпатлівая праца, нястомны пошук. Вольга Сяргееўна ўпэўнена: усе цяжкасці і расчараванні забываюцца, калі настаўнік бачыць жывы бляск у вачах сваіх навучэнцаў.
“Галоўнае для педагога – прыняць і палюбіць дзяцей усім сэрцам, паверыць у іх, бо яго прызванне – несці любоў і радасць праз свет пазнання”, - лічыць В.С.Самайловіч, педагагічным крэдам якой з’яўляецца выраз “Адукацыя праз усё жыццё”.
М.Э.Закірава нарадзілася і вырасла ў настаўніцкай сям’і, таму будучую прафесію дзяўчына выбрала яшчэ задоўга да паступлення ва ўніверсітэт. Будучы па натуры творчым чалавекам, Марына Эрастаўна ўжо са школьных гадоў удзельнічала ў розных конкурсах. Такая актыўная жыццёвая пазіцыя праявілася і падчас навучання ў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Дзяўчына паспяхова закончыла ўніверсітэт, а за выдатную вучобу і ўдзел у розных канферэнцыях і конкурсах стала стыпендыятам спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Пасля заканчэння БрДУ імя А.С.Пушкіна Марына Эрастаўна паехала па размеркаванні ў сельскую школу на Кобрыншчыне. Спачатку гэта падалося “канцом свету”, але неўзабаве маладая настаўніца зразумела, што паўсюль дзеці аднолькавыя, а добра працаваць неабходна незалежна ад месцазнаходжання навучальнай установы.
У рабоце М.Э.Закірава кіруецца “залатым” правілам: “Трэба ісці не з прадметам да навучэнца, а з навучэнцам да прадмета”. Гэтае правіла дапамагае педагогу знайсці падыход амаль да ўсіх дзяцей і зрабіць урок цікавым і прадуктыўным. Удзел у конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”, лічыць Марына Эрастаўна, садзейнічае раскрыццю новых здольнасцей і набыццю каштоўнага вопыту.
- Конкурс паказаў, што прэстыж настаўніцкай прафесіі не страчаны. Моладзь выбірае школу і паспяхова ў ёй працуе. Радуе, што педагагічныя дынастыі Брэстчыны не перарываюцца. Не губляецца сувязь пакаленняў. Моладзь годна працягвае традыцыі бацькоў. А гэта азначае, што ў адукацыі добрая будучыня, - адзначыў на падвядзенні вынікаў конкурсу начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.
Застаецца толькі дадаць, што па выніках усіх фінальных выпрабаванняў пераможцам конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” стаў Я.А.Грыгор’еў з Дамачаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: