Прававая культура як лад жыцця

30.4.2013
 
Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і юрыдычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення юстыцыі, УУС, аддзела па справах моладзі і камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.
         Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе юрыдычнага факультэта “пушкінскага” ўніверсітэта, удзельнічалі 73 навучэнцы- пераможцы раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва.
         - Карысць прававой алімпіяды неаспрэчная, паколькі юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыў на адкрыцці інтэлектуальнага марафону начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць падлеткаў да вывучэння права, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, выхоўвае агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Неабходна, каб прававая культура стала ладам жыцця кожнага школьніка.
         - Вельмі важна, калі школьнікі ўжо на стадыі фарміравання грамадзянскай пазіцыі дакладна вызначаюць прававы складнік свайго жыцця. І дзе б у далейшым ні працаваў малады чалавек, можна быць упэўненым, што прававыя веды дапамогуць яму адшукаць правільнае рашэнне ў пэўнай жыццёвай сітуацыі, - заўважыў намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх А.Ф.Каштанюк. – Алімпіяда адыгрывае немалаважнае значэнне ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў. У многіх выпадках юрыдычная граматнасць можа застрахаваць моладзь ад непрыемных сітуацый.
         За 4 гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, вучні павінны былі выканаць заданні, аб’яднаныя ў некалькі раздзелаў. Юныя правазнаўцы адказвалі на тэставыя пытанні, вызначалі тэрміны і паняцці, устанаўлівалі адпаведнасць паміж паняццем і яго азначэннем, рашалі практычныя юрыдычныя задачы, а таксама пісалі творчыя эсэ. Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства.
         Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы, куды ўвайшлі выкладчыкі юрфака ўніверсітэта і спецыялісты галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, адзначылі, што падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў. Тым не менш школьнікам варта ўдзяляць павышаную ўвагу рашэнню практычных задач і аргументацыі адказаў.
         Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнік Уладзіслаў Казлоўскі з сярэдняй школы № 14 Баранавіч, дзесяцікласнікі Хрысціна Закрэўская са Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна і Вікторыя Шэўчык з сярэдняй школы № 4 Лунінца, а таксама Марыя Сясіцкая з Брэсцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання. Акрамя таго, шэраг навучэнцаў былі адзначаны спецыяльнымі прызамі і пахвальнымі лістамі юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, абласнога гаспадарчага суда, упраўлення ўнутраных спраў і галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.