Каб мова родная была і для душы, і для прафесіі

1.4.2013
 
У горадзе над Бугам завяршылася ХХІХ рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры. У інтэлектуальным марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, удзельнічалі 122 нашы школьнікі і 5 прадстаўнікоў беларускамоўных навучальных устаноў Польшчы і Літвы.
         - Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры традыцыйна складаецца з трох тураў – напісання водгуку на мастацкі твор, комплекснай работы і вуснага выказвання на адну з прапанаваных тэм, - расказаў старшыня журы, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец. – За 4 гадзіны школьнікам неабходна было напісаць водгукі на вершы Мар’яна Дуксы “Выпускныя экзамены” (11 клас) і Пімена Панчанкі “Не люблю я слова “пакарыцель” (9 клас), а таксама на філасофскую мініяцюру Алеся Разанава “Гліна” (10 клас). Гэтае выпрабаванне паказала, што навучэнцы ўмеюць самастойна мысліць, правільна аналізаваць і асэнсоўваць мастацкія творы і звязваць іх з сучасным жыццём. Школьнікі парадавалі журы не толькі належным узроўнем моўнай і літаратурнай падрыхтоўкі, але і агульнай эрудыцыяй.
         Комплексная работа, на якую адводзілася 3 гадзіны, уключала лінгвістычныя заданні і заданні па літаратуры. У цэлым алімпіяднікі добра справіліся з імі. Навучэнцы ўмеюць аналізаваць і супастаўляць моўныя факты. У школьнікаў не ўзнікла цяжкасцей з выкананнем заданняў па арфаграфіі і беларускай фразеалогіі. Удзельнікі алімпіяды добра ведаюць гісторыю роднай літаратуры і мастацкія тэксты.
         Для вусных выказванняў прапаноўваліся дзве тэмы на выбар. Тэмы тычыліся маральна-этычнай, культуралагічнай і гістарычнай праблематыкі, прычым былі пададзены ў форме выказванняў вядомых пісьменнікаў. Напрыклад: “Вайна – адно з самых праклятых ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі” (В.Быкаў), “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…” (Я.Купала), “Талент, як і сумленне, павінен быць непадкупным” (М.Стральцоў), “Пачынаецца ўсё з любві…” (Я.Янішчыц).
         Асаблівасць трэцяга тура заключаецца ў тым, што навучэнцам неабходна паказаць не толькі добрае веданне матэрыялу па тэмах выказванняў, але і добрае валоданне вуснай мовай, уменне прыгожа і правільна перадаць думкі. Радуе, што дзеці ведаюць родную мову, умеюць валодаць сабой пры выступленні і суадносіць выказванні з уласным жыццёвым вопытам. А ўвогуле, з году ў год школьнікі дэманструюць належную падрыхтоўку да алімпіяды.  
         Уражаннямі ад інтэлектуальных спаборніцтваў падзяліліся і навучэнцы. Так, дзесяцікласніца Вольга Пекар са свіслацкай гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага расказала, што любоў да роднай мовы ў яе абумоўлена цікавасцю да гісторыі Беларусі і айчынных пісьменнікаў. Раней дзяўчына ўдзельнічала ў алімпіядах па гісторыі, але потым аддала перавагу ўсё ж роднай мове.
         Асабліва складанымі Вользе падаліся заданні па лексіцы. У адным з іх патрабавалася прывесці беларускія адпаведнікі з прапанаванымі лацінскімі каранямі. Пэўныя цяжкасці выклікала і напісанне водгуку. Гэта нядзіўна, бо філасофская проза А.Разанава нялёгкая для ўспрымання і дарослым.
         Дзяўчына шкадуе, што на сёлетняй алімпіядзе было мала заданняў творчага характару (гэта, як адзначыў А.А.Лукашанец, звязана з тым, што такія заданні цяжка аб’ектыўна ацаніць). Даволі цікавымі аказаліся літаратурныя заданні. З вусным выказваннем у Вольгі праблем не ўзнікла.
         У падрыхтоўцы да алімпіяды дзяўчына ўдзяляе вялікую ўвагу самастойнай рабоце, бо лічыць, што без належнай самападрыхтоўкі і самадысцыпліны нельга дасягнуць поспехаў. Падрыхтоўка займала ўвесь вольны час Вольгі, хаця спалучаць яе з вучобай было вельмі складана. Але цяжкасці навучэнку не палохаюць. Галоўнае, каб было цікава, прызналася Вольга. Да спаборніцтваў ёй дапамагала рыхтавацца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лідзія Іосіфаўна Касцюк.
         Звязваць далейшае прафесійнае жыццё з роднай мовай Вольга не збіраецца. Дзяўчына плануе працаваць у эканамічнай сферы. Родную мову вывучае для душы.
         Адзінаццацікласніца Вераніка Нікіціна з брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава таксама не плануе звязваць будучую прафесію з роднай мовай. Дзяўчына хоча працаваць у лагістыцы.
         У алімпіядным руху Вераніка ўдзельнічае з 8 класа. Найбольш падабаюцца ёй беларуская, руская і англійская мовы.
         Паколькі дзяўчына любіць філасофскую паэзію, то паспяхова справілася з прапанаваным тэкстам для водгуку. Самымі складанымі падаліся літаратурныя заданні, звязаныя з выбарам правільных варыянтаў адказаў з прапанаваных сказаў, што тычыліся біяграфіі і творчасці пісьменнікаў. У комплекснай рабоце цяжкавата адужваліся лексічныя заданні.
         Адным з самых складаных этапаў спаборніцтваў Вераніка лічыць вуснае выказванне, бо падчас яго даводзіцца спраўляцца з моцным хваляваннем.
         Да алімпіяды дзяўчына рыхтавалася на вучэбных зборах у БрДУ імя А.С.Пушкіна і занятках з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Уладзіміраўнай Ныч.
         Трэба дадаць, што ўсе алімпіяднікі адзначылі надзвычай цёплыя і прыхільныя адносіны да сябе з боку журы. Для навучэнцаў была арганізавана насычаная культурная праграма. Школьнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і філалагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, а таксама азнаёміліся са спартыўнымі аб’ектамі абласнога цэнтра.
         Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Яніна Лубінская з гімназіі № 2 Наваполацка (настаўніца Н.Ф.Рыкун) і Максім Бура з гімназіі № 33 Мінска (настаўніца Л.В.Пазнякова); дзесяцікласнікі Дар’я Абірала з сярэдняй школы № 2 Докшыц (настаўніца В.С.Бальшунова), Дар’я Дабранская з Ліцэя БДУ (настаўнікі Н.Я.Краўцэвіч і В.В.Кушнярэвіч), Ягор Варановіч з гімназіі № 1 Бабруйска (настаўніца А.У.Костарава) і Юлія Васілевіч з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (настаўніца Л.Н.Казлоўская); адзінаццацікласнікі Паліна Лук’яновіч з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска (настаўніца Л.У.Сцяшко), Ксенія Бандарэнка з гімназіі № 56 Гомеля (настаўніца І.І.Панякова), Ганна Церахава з сярэдняй школы № 15 Магілёва (настаўніца Н.У.Радзькова), Алена Дзямянка з Дзераўнянскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна (настаўніца Г.І.Дзямянка) і Ганна Клімовіч з гімназіі № 1 Дзяржынска (настаўнікі Н.М.Саковіч і А.Ч.Сяліцкая).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.