Арыенцір – “Крыштальны журавель”
28.3.2013Пераможцы і ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў шчодра дзеляцца сваімі напрацоўкамі з калегамі падчас спецыяльных выязных семінараў-акцый “Настаўнік года” – адукацыі рэгіёнаў”, якія ладзяцца пад патранатам Міністэрства адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Беларускага педагагічнага таварыства і клуба “Крыштальны журавель”. Нядаўна ўдзельнікі аднаго з такіх семінараў-акцый пабывалі на Маларытчыне.
- Карысць ад правядзення семінараў-акцый неаспрэчная. Дзякуючы такім мерапрыемствам, распаўсюджваецца перадавы педагагічны вопыт удзельнікаў конкурсу прафмайстэрства педагогаў “Настаўнік года Беларусі” розных гадоў. Сустрэчы з прафесіяналамі натхняюць педагогаў, якія працуюць у аддаленых рэгіёнах краіны, павышаюць ініцыятыўнасць творчых настаўнікаў і прэстыж прафесіі, а таксама садзейнічаюць наладжванню прафесійных зносін, - расказала начальнік аддзела адукацыі Маларыцкага райвыканкама Т.М.Лаўрэенка.
У госці да педагогаў Маларытчыны завіталі настаўнікі, вядомыя ва ўсёй краіне: С.І.Гін з Гомеля, В.В.Гузаў са Жлобіна, І.У.Зубрыліна з Дзятлава, І.Р.Клявец са Смаргоні, А.М.Сарока з Івацэвіч, В.П.Шпетны з Маларыты, І.В.Якіменка з Магілёва і інш. Члены клуба “Крыштальны журавель” правялі адкрытыя ўрокі і майстар-класы па біялогіі, рускай, беларускай і англійскай мовах, гісторыі, матэматыцы, геаграфіі, інфарматыцы, працоўным навучанні і навучанні ў пачатковых класах. Вынікі сустрэчы былі падведзены на семінары “Сучасны ўрок – гэта…”
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.