Самыя “энергазберагальныя” школы – на Піншчыне

4.3.2013
 
Вызначаны пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон – 2013”, які праводзіцца ў рамках рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. У конкурсе, арганізаваным упраўленнем адукацыі і ўпраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Брэсцкага аблвыканкама, а таксама абласным інстытутам развіцця адукацыі, прынялі ўдзел 88 работ.
         Мэта конкурсу – фарміраванне ў моладзі беражлівых і эканомных адносін да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя праз даследчую і творчую дзейнасць, выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту работы педагогаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў галіне энергазберажэння, укараненне ідэй і метадаў энергазберажэння ў дзейнасць устаноў адукацыі.
         Конкурс праходзіў у 6 намінацыях. Работы ацэньвала журы з ліку прадстаўнікоў абласнога ўпраўлення адукацыі, метадыстаў абласнога ІРА, выкладчыкаў БрДТУ, педагогаў абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў і абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў.
         У намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі” перамагла работа Арыны Варчык і Уладзіслава Людчыка з гімназіі № 5 Баранавіч “Беларуская энергетыка: школьны вопыт. Мадэрнізацыя сістэмы асвятлення ў цяпліцы гімназіі”. У намінацыі “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” была адзначана В.М.Гідрэвіч з Мокрадуброўскай базавай школы Пінскага раёна (“Сістэмны падыход да рашэння праблем энергазберажэння ва ўмовах рэалізацыі праграмы “Асновы энергаэфектыўнасці”). У намінацыі “Лепшая творчая работа навучэнцаў устаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” перамаглі агітбрыгада з Мерчыцкай базавай школы Пінскага раёна і відэаролік “Беражлівая сям’я”, падрыхтаваны Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў. Лепшай установай адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння стала Мінянская сярэдняя школа Кобрынскага раёна. Лепшым практычным цэнтрам па энергазберажэнні прызнаны Белаазёрскі ПТК электратэхнікі. А лепшым “энергазберагальным” раёнам Брэстчыны стала Піншчына.
         Па выніках конкурсу лепшыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце абласнога ІРА і ўнесены ў электронны банк педагагічнага вопыту.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: