Маладыя, разумныя, творчыя
30.1.2013Спаборніцтва арганізавана з мэтай павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, выяўлення маладых творчых настаўнікаў, іх прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі.
Падчас конкурсу яго ўдзельнікі паказваюць прафесійныя веды па прадметах, навыкі выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій, арганізатарскія і камунікатыўныя ўменні, крэатыўнасць і іншыя якасці, неабходныя для работы ў сённяшняй школе. У кожным рэгіёне ладзіцца розная колькасць конкурсных выпрабаванняў, якія вызначаюць пераможцаў.
У Баранавіцкім раёне, як расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.У.Нікіценка, маладыя педагогі праводзілі ўрокі ў незнаёмых класах Жамчужненскай сярэдняй школы, а затым рабілі іх самааналіз. У фінальным этапе конкурсу ўдзельнічалі настаўніца англійскай мовы Кацярына Аляксандраўна Шыманіца з Жамчужненскай сярэдняй школы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Іванаўна Гутырчык з Уцёскага дзіцячага сада – сярэдняй школы і настаўнік біялогіі і хіміі Аляксей Аляксандравіч Суднік з Гірмантаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Пераможцай конкурсу стала К.А.Шыманіца.
На Піншчыне фінальныя выпрабаванні раённага конкурсу прайшлі на базе Пінкавіцкай сярэдняй школы. За права выйсці ў фінал змагаліся 12 маладых педагогаў. Конкурс мультымедыйных прэзентацый “Мае першыя крокі ў педагагічную прафесію” вызначыў 5 фіналістаў. Сярод іх – настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Сяргееўна Колб з Кашавіцкай сярэдняй школы, настаўніца англійскай мовы Настасся Юр’еўна Караткевіч з Малоткавіцкай сярэдняй школы, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Канстанцінаўна Лузько з Ласіцкай сярэдняй школы, настаўніца нямецкай мовы Вікторыя Мікалаеўна Мацкевіч з Бярозавіцкай сярэдняй школы і настаўніца англійскай мовы Алена Анатольеўна Сакалоўская з Валішчанскай сярэдняй школы.
- Канкурсанты правялі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах Пінкавіцкай сярэдняй школы, - расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета І.М.Грамада. – Члены журы былі прыемна здзіўлены высокім узроўнем прафесійнага майстэрства маладых педагогаў. Парадавала, што канкурсантам актыўна дапамагалі выступаць педкалектывы іх школ. Гэта яскрава адлюстравалася ў творчым прадстаўленні “Мы разам! Маладосць і вопыт!”.
У конкурсе “Той куток зямлі, дзе ты ўбачыў свет…” фіналісты даказвалі, наколькі важныя і знаёмыя для іх гісторыя і культурныя каштоўнасці Піншчыны, Брэстчыны, Беларусі. Ацаніць кругагляд маладых педагогаў і іх уменне хутка знаходзіць выйсце з цяжкіх сітуацый, прычым адказваючы на замежнай мове, дапамог конкурс “Зносіны без межаў”.
Па рашэнні журы конкурсу яго пераможцай стала В.М.Мацкевіч. Астатнія ўдзельнікі былі адзначаны ў розных намінацыях.
У Маскоўскім раёне Брэста, як паведаміла намеснік загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.С.Дрык, у фінал конкурсу выйшлі 7 педагогаў: настаўнік фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі Аляксей Анатольевіч Кавярэц з сярэдняй школы № 24, настаўніца англійскай мовы Наталля Ігараўна Мельнік з гімназіі № 6 імя маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Аляксееўна Шарында з сярэдняй школы № 7, настаўніца пачатковых класаў Алена Сяргееўна Белая з сярэдняй школы № 15, настаўніца музыкі Святлана Мікалаеўна Царык з ясляў-сада – пачатковай школы № 6, настаўніцы англійскай мовы Надзея Мікалаеўна Лычук з сярэдняй школы № 14 і Кацярына Уладзіміраўна Кіпко-Кулага з дзіцячага сада – пачатковай школы № 8.
Канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі ў сваіх класах і рыхтавалі дамашнія заданні, якія ўключалі заданні-праекты па вывучэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей горада і яго педагагічных дынастый, а таксама пісьмы-дыялогі маладых педагогаў са старэйшымі калегамі на тэмы “Я хачу спытаць…” ці “Зварот да дзяцей будучыні”.
Па выніках фінальных выпрабаванняў лепшым прызнаны А.А.Кавярэц.
На Ляхавіччыне раённы этап конкурсу прайшоў на базе сярэдняй школы № 2. У спаборніцтве ўдзельнічалі 4 маладыя настаўніцы англійскай мовы: Ганна Міхайлаўна Мінайлава з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, Антаніна Васільеўна Чабатар з Востраўскай сярэдняй школы, Таццяна Анатольеўна Шчэрба з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч і Таццяна Анатольеўна Бурвель з Ляхавіцкай гімназіі.
Канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах з мэтазгодным выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Пераможцай спаборніцтва стала Г.М.Мінайлава.
На Камянеччыне ў конкурсе прафесійнага майстэрства педагогаў удзельнічалі настаўніца пачатковых класаў Дзмітравіцкай сярэдняй школы Таццяна Уладзіміраўна Хоміч, настаўніца нямецкай мовы Войскаўскай сярэдняй школы Наталля Анатольеўна Ярашук і настаўніца матэматыкі і інфарматыкі гімназіі Камянца Вольга Аляксандраўна Асташэня.
Конкурсная праграма складалася з 5 этапаў – візітоўкі, адкрытага ўрока ў незнаёмым класе, самааналізу ўрока і субяседавання па прафесійнай дзейнасці, конкурсу-сюрпрызу і задання, якое прадугледжвала валоданне адной з замежных моў на ўзроўні сітуацыйных зносін.
Па выніках усіх выпрабаванняў найбольшую колькасць балаў і дыплом пераможцы атрымала Н.А.Ярашук.
На Пружаншчыне ў раённым этапе конкурсу прынялі ўдзел 4 педагогі: настаўніца пачатковых класаў Роўбіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кацярына Анатольеўна Тамчук, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Пружан Вольга Сяргееўна Самайловіч, настаўніца англійскай мовы Слабадской сярэдняй школы Таццяна Мікалаеўна Найбіч і настаўніца фізічнай культуры і здароўя Шанёўскай сярэдняй школы імя Міколы Засіма Ірына Сяргееўна Капіца. Пераможцай конкурсу стала В.С.Самайловіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: адкрыты ўрок праводзіць настаўніца англійскай мовы К.А.Шыманіца.