Новая вялікая сям’я

24.1.2013
 
Павіншаваць сям’ю Фомавых з наваселлем завіталі прадстаўнікі органаў улады, будаўнічых і грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі Брэста.
         - Улада ўдзяляе вялікую ўвагу клопату пра дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца адкрыццё дамоў сямейнага тыпу. Плануецца, што ў перспектыве побач з першым такім домам па вуліцы Васняцова, 32 будуць пабудаваны яшчэ пяць дамоў. Галоўнае – забяспечыць іх высокакваліфікаванымі кадрамі, падабраць на ролю выхавальнікаў добрых і адказных мам і татаў, - адзначыў на святочным мерапрыемстве кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста А.С.Рагачук.
         У прыёмных бацькоў Людмілы і Аляксандра Фомавых ужо ёсць родны чатырохгадовы сын. Разам з імі ў новым доме пасяліліся пяцёра дзяцей (дзве дзяўчынкі і тры хлопчыкі) ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. На працягу года членамі вялікай сям’і стануць яшчэ дзве дзяўчынкі.
         На будаўніцтва двухпавярховага добраўпарадкаванага катэджа агульнай плошчай 205 м2 было затрачана амаль 1,8 мільярда рублёў. Камплектацыя дома бытавой тэхнікай, мэбляй, цацкамі і іншым неабходным інвентаром абышлася гарадскому бюджэту ў 320 мільёнаў рублёў. У доме 4 дзіцячыя пакоі, вялікая кухня са сталовай, прасторная зала, 4 санвузлы.
         У адрас навасёлаў ад гасцей прагучала шмат цёплых слоў. Прыёмным бацькам жадалі вытрымкі і цярпення ў выхаванні годных грамадзян нашай краіны. Органы ўлады, як запэўніў А.С.Рагачук, заўсёды будуць аказваць сям’і неабходную дапамогу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: вялікая сям’я Фомавых.
Фота аўтара.
поделиться в: