Маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі”

22.12.2012
 
У Брэсце пабывала перасоўная выстава-прэзентацыя рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. На пляцоўцы каля абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прыпаркаваўся аўтобус “МАЗ-203”, які стаў мабільным інкубатарам арыгінальных ідэй, дзе можна было азнаёміцца з лепшымі праектамі “залатой сотні” і пакінуць у “скарбонцы ідэй” уласныя распрацоўкі.
         У фае абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці вакол навагодняй ёлкі, упрыгожанай канвертамі з самымі крэатыўнымі і смелымі ідэямі моладзі Брэстчыны, разгарнулася выстава лепшых праектаў. Сярод іх былі і такія, што ўвайшлі ў “залатую сотню”.
         Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання прапанаваў два праекты – “Энергія ветру на службе энергазберажэння” і “Генацыд яўрэйскага народу на Кобрыншчыне”. Мэта першага праекта заключаецца ў вывучэнні асноўных характарыстык ветраных электрычных установак і прымяненні вынікаў даследаванняў для ветраўмоў Кобрына. Мэта другога – даследаванне генацыду яўрэйскага народу на Кобрыншчыне праз вывучэнне палітыкі антысемітызму, азнаямленне з месцам размяшчэння і прызначэннем гета ў Кобрыне, сістэматызацыю звестак пра жыхароў раёна і збор успамінаў былых вязняў канцлагераў.
         Навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі распрацавалі праект па развіцці сістэмы складаў часовага захоўвання, які прадугледжвае атрыманне даходаў за захоўванне грузаў і зніжэнне расходаў грузаатрымальнікаў за прастой вагонаў, павышэнне даходаў ад падсобна-дапаможнай дзейнасці дыстанцыі пагрузачна-разгрузачных работ і якасці абслугоўвання кліентаў, а таксама пашырэнне пераліку паслуг.
         Загадчыца культурна-масавага аддзела Пінскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці Д.А.Пешкур прэзентавала экалагічны праект “Мазаіка з самаклейкай паперы”, які забяспечвае максімальна эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне прыродных і матэрыяльных рэсурсаў (другаснай сыравіны) праз далучэнне навучэнскай моладзі да эканоміі і беражлівасці. На выставе былі прадстаўлены маляўнічыя карціны, зробленыя з папяровых адходаў.
         Цікавасць выклікала і імпульснае зараднае ўстройства для акумулятараў, распрацаванае навучэнцам Брэсцкага дзяржаўнага ПТК прыборабудавання Віталем Сацюком. У параўнанні са звычайнымі зараднымі ўстройствамі ў ІЗУ-1 адсутнічае выдзяленне газу пры зарадцы акумулятара, а падбор току зарадкі і падача напружання і току на клемы ўстройства адбываецца толькі пры падключэнні клем да акумулятара. ІЗУ-1 не ўтрымлівае дарагіх матэрыялаў і камплектуючых і можа выкарыстоўвацца як у побыце, так і ў вытворчасці.
         Навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці Лізавета Ярмохіна распрацавала праект “Бяспечны пераход: наяўнасць святлоадбівальных элементаў у дзіцячым і падлеткавым адзенні”. Мэта праекта – зрабіць дзяцей заўважнымі на дарозе, дзякуючы выкарыстанню спецыяльных святлоадбівальных матэрыялаў пры пашыве адзення. Вопратка, пашытая такім чынам, ярка свеціцца ў цемры. На выставе былі паказаны розныя эскізы дзіцячага адзення.
         Па выніках выставы-прэзентацыі рэгіянальныя пераможцы рэспубліканскага праекта атрымалі сертыфікаты. Былі адзначаны 43 праекты. Сярод іх – “Перспектыўная мадэль аховы здароўя ў Беларусі”, “Параўнальны аналіз эканамічнасці трактараў МТЗ 1221 і МТЗ 82”, “Вырошчванне энергетычных плантацый хуткарастучых клонаў вярбы на парушаных тарфяніках”, “Табло для маніторынгу грамадскага транспарту”, “Эфектыўны сродак ад насякомых лямпа-пастка”, “Іанізатар паветра”, “Устройства кіравання мікракліматам памяшкання” і інш.
         Застаецца спадзявацца, што намаганні моладзі не застануцца ідэямі, увасобленымі выключна на паперы ці ў эксперыментальных узорах, а абавязкова знойдуць практычнае прымяненне ў жыцці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.   
поделиться в: