Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі

6.9.2012
 
У сістэме дадатковай адукацыі Брэстчыны працуюць 53 профільныя і шматпрофільныя ўстановы. У іх дзейнічаюць звыш 4 тысяч аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, спартыўна-масавага і іншых напрамкаў. Амаль 2 тысячы педагогаў дадатковай адукацыі навучаюць каля 50 тысяч дзяцей.
         На рахунку Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, які ўзначальвае Г.М.Двораў, шмат цікавых і карысных спраў. На працягу 55 гадоў цэнтр аказвае практычную і метадычную дапамогу ўстановам дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю і школам па эфектыўным выкарыстанні турызму і краязнаўства ў выхаваўчай рабоце з навучэнскай моладдзю.
         - Цэнтр каардынуе дзейнасць 16 рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі адпаведнага профілю, - расказаў метадыст цэнтра У.М.Абрамчык. – Гэтыя ўстановы прымаюць турыстычна-экскурсійныя групы юных турыстаў, забяспечваюць іх неабходным інвентаром, дапамагаюць у арганізацыі экскурсій і паходаў, злётаў і летнікаў, краязнаўчых мерапрыемстваў. На добрым узроўні турыстычна-краязнаўчая работа вядзецца ва ўстановах дадатковай адукацыі Пінска, Баранавіч, Іванаўскага і Кобрынскага раёнаў.
         У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Брэстчыны працавалі 1075 гурткоў турыстычна-краязнаўчага профілю, якія наведвалі каля 14 тысяч дзяцей. Больш за палову гурткоў дзейнічаюць на базе профільных устаноў, астатнія – на базе школ.
         Ва ўстановах дадатковай адукацыі створаны неабходныя ўмовы для гуртковай работы: абсталяваны вучэбныя класы, назапашаны турыстычны рыштунак і абсталяванне, створаны 48 палігонаў (спартыўных карт) для заняткаў турызмам і спартыўным арыентаваннем. Што тычыцца цэнтра ў Брэсце, то ў ім штогод працуюць звыш 30 гурткоў, дзе займаюцца каля 400 дзяцей. Акрамя таго, работа гурткоў арганізавана на базе шэрагу школ, гімназій, ПТНУ Брэста і Брэсцкага раёна. Гэта дазваляе наблізіць гуртковую дзейнасць да запытаў вучняў.
         Выхаванцы цэнтра актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні (у тым ліку і начных), скалалазанні, фотаконкурсах, краязнаўчых злётах і алімпіядах, адкуль заўсёды вяртаюцца з узнагародамі. На працягу года ладзяцца розныя экспедыцыі, паходы і экскурсіі, прычым не толькі па Беларусі. Юныя турысты пабывалі ў Карпатах, Крыме, Карэліі, а таксама на Каўказе. Дзейнасць многіх гурткоў (“Літаратурнае краязнаўства”, “Юныя геолагі”, “Юныя краязнаўцы”) адзначана на абласным і рэспубліканскім узроўні.
         Заслугоўвае ўвагі работа і такіх гурткоў, як “Турызм і спартыўнае арыентаванне” (экскурсіі па Брэсцкім раёне і прыгранічнай тэрыторыі Польшчы), “Скаўцінг для дзяўчынак” (дзейнасць валанцёрскай каманды). Шмат цікавых мерапрыемстваў ладзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (“Летапіс населенага пункта”) і спартыўна-патрыятычных летнікаў. На тэрыторыі вобласці вызначаны пералік экалагічных маршрутаў, сцяжын і турыстычных стаянак.
         Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзейнасці школьных музеяў і музейных куткоў рознай тэматыкі. Сёння на Брэстчыне дзейнічае 201 школьны музей комплекснага, ваенна-гістарычнага, гістарычнага, прыродазнаўчага, краязнаўчага, літаратурнага, тэхнічнага і іншых кірункаў. 4 музеі з’яўляюцца народнымі. Музейная педагогіка абапіраецца на пошукавую і краязнаўчую работу.
         Педагогі дадатковай адукацыі ствараюць карты па спартыўным арыентаванні, назапашваюць метадычныя матэрыялы па правядзенні гуртковай работы.        
         - Выхаваўчая работа немагчыма без пазнання роднага краю, яго гісторыі, гераічных і трагічных старонак, - адзначае У.М.Абрамчык. – Экскурсіі па гістарычных мясцінах і прыродных заказніках ствараюць неабходныя ўмовы для фізічнага развіцця і маральнага ўдасканалення кожнага вучня. Урокі-экскурсіі дазваляюць на практыцы прымяніць веды, набытыя на вучэбных занятках. У гэтым плане магутным выхаваўчым патэнцыялам валодаюць тэматычныя экскурсіі па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” і нацыянальным парку Белавежская пушча.
         Наладжана цеснае супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі многіх гарадоў Расіі. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, пашыраюцца сяброўскія сувязі, узнікаюць новыя маршруты займальных падарожжаў.
         Трэба адзначыць, што абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі не забывае і пра прафарыентацыйную работу. Так, супрацоўнікі турыстычнага аддзела аказваюць метадычную дапамогу ў правядзенні летняй вытворчай практыкі навучэнцаў Брэсцкага гарадскога міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната працоўнага навучання і прафарыентацыі вучняў па спецыяльнасці “Агент па турызме”, а таксама кіруюць практыкай студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”. 
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
“Настаўніцкая газета”.
поделиться в: