ЦТ “пакараецца” мэтанакіраваным і працавітым

16.7.2012
 

 

На сёлетнім цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі выпускніца брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Ганна Кісляк паказала максімальны вынік, а па рускай мове і біялогіі набрала 98 балаў. У аснове такога поспеху – карпатлівая праца дзяўчыны і прафесіяналізм педкалектыву навучальнай установы.
         - Выхаванцы нашага ліцэя – надзвычай матываваныя і працавітыя дзеці, - расказвае настаўніца хіміі Святлана Сяргееўна Мелехавец. – Дзякуючы гэтаму, яны дасягаюць высокіх вынікаў у вучобе, алімпіядным руху, конкурсах і інш. Летась з 23 вучняў хіміка-біялагічнага класа 21 выпускнік паступіў у медыцынскія ВНУ, прычым 19 – на бюджэтнай аснове.
         Сярэдні бал атэстата выпускнога класа С.С.Мелехавец склаў сёлета 9,3 бала. У Ганны Кісляк – 9,9. Амаль палова выхаванцаў Святланы Сяргееўны – удзельнікі прадметных алімпіяд.
         - Мая дзейнасць скіравана не на падрыхтоўку алімпіяднікаў, а на работу з кожным вучнем. Працую над тым, каб усім даць добрыя веды, якія выходзяць за межы школьнага падручніка, - прызнаецца педагог. – Дзеці ахвотна наведваюць факультатывы “Алімпіядныя задачы па хіміі” і “Паўторым хімію”, а таксама вельмі шмат працуюць самастойна. Для кожнага вучня рыхтую індывідуальныя заданні падчас выканання самастойных работ. Гэта цалкам выключае спісванне. Практыкую таксама ўзаеманавучанне дзяцей, бо лічу, што толькі тады чалавек добра валодае матэрыялам, калі ўмее даходліва растлумачыць яго іншым. Не забываю і пра прафарыентацыйную работу (наведванне прадпрыемстваў і арганізацый адпаведнага профілю), якая садзейнічае ўсвядомленаму жыццёваму выбару выпускнікоў.
         Для Ганны Кісляк поспех у цэнтралізаваным тэсціраванні стаў заканамерным. Дзяўчына ўпэўнена, што высокіх вынікаў дасягаюць толькі надзвычай мэтанакіраваныя і працавітыя людзі. Ужо з 8 класа Ганна ўзмоцнена займалася хіміяй, бо ведала, што гэты прадмет спатрэбіцца ў далейшым (дзяўчына плануе стаць фармацэўтам). У хіміі ўчарашнюю ліцэістку асабліва прываблівае эксперыментальная частка.
         - Заданні цэнтралізаванага тэсціравання падаліся не вельмі складанымі, бо я была добра падрыхтаваная да іх выканання, - гаворыць Ганна. – З усімі заданнямі справілася за паўтары гадзіны з адведзеных дзвюх. Такі вынік стаў магчымым дзякуючы вялікай самастойнай працы і дадатковым заняткам з настаўніцай хіміі Святланай Сяргееўнай Мелехавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ,

“Настаўніцкая газета”.

поделиться в: