Абласны конкурс

6.6.2012
 
Кіраўнікі школ Брэстчыны паспаборнічаюць у выкарыстанні ІКТ
 
         На Брэстчыне стартаваў абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў навучальных устаноў, прысвечаны выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.
         - Асноўная мэта конкурсу – укараненне інавацыйных ідэй у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкую практыку ўстаноў адукацыі вобласці, - расказаў начальнік аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі П.І.Валынец. – Конкурс выяўляе ўзровень развіцця інфармацыйнай прасторы навучальных устаноў, кваліфікацыі іх кіраўнікоў у галіне ІКТ, прапагандуе лепшы вопыт, а таксама падштурхоўвае кіраўнікоў да шырокага ўкаранення лічбавых адукацыйных рэсурсаў у вучэбна-выхаваўчы працэс.
         На конкурс, вынікі якога будуць падведзены напрыканцы года, падаюцца аўтарскія інавацыйныя праекты, што ўключаюць метадычнае апісанне вопыту работы і відэа-ролік з элементамі выкарыстання ІКТ-сэрвісаў у адукацыйным працэсе. Спаборніцтва праходзіць у два этапы – раённы і абласны. Абласны этап складаецца з двух тураў – завочнага і вочнага. Вочны тур пройдзе ў форме навукова-практычнай канферэнцыі.
         Пры ацэньванні конкурсных матэрыялаў будуць улічвацца іх актуальнасць, арыгінальнасць, навізна падыходаў, практычная значнасць, педагагічная мэтазгоднасць, а таксама педагагічная ІКТ-кампетэнтнасць кіраўнікоў. Пераможцы спаборніцтва атрымаюць праграмна-апаратныя комплексы для стварэння ў сваіх установах медыятэкі.
         Трэба адзначыць, што сёння на Брэстчыне налічваецца шэраг навучальных устаноў, дзе работа па інфарматызацыі адукацыйнага працэсу арганізавана на вельмі высокім узроўні. Сярод іх – брэсцкая гімназія № 5 (дырэктар Л.М.Амельянюк), у бібліятэцы якой створаны медыя- і відэацэнтр, баранавіцкая гімназія № 5 (дырэктар Т.І.Шэстак), якая з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі дыстанцыйнага навучання, пінская сярэдняя школа № 18 (дырэктар Ф.В.Радзіён) і івацэвіцкая сярэдняя школа № 3 (дырэктар А.А.Кузьмін).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: