Былых дзяцей не бывае

29.5.2012
 
У Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі швейнай вытворчасці імя Д.М.Карбышава адбылося чарговае пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў калегіі былі пытанні, звязаныя з работай органаў кіравання адукацыяй па рэалізацыі прэзідэнцкага Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях і прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці”, вынікамі ўдзелу каманды вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, работай рай(гар)аддзелаў адукацыі па павышэнні якасці адукацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі і забеспячэнні аховы працы і бяспечнага адукацыйнага працэсу.
         - За 5 гадоў у вобласці склалася сістэма работы па рэалізацыі патрабаванняў прэзідэнцкага Дэкрэта № 18, - расказала намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Ажыццяўляюцца комплексныя меры па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, абароне правоў дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, вяртанні расходаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Сёння ў вобласці налічваецца каля 1,2 тысячы сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы, дзе выхоўваецца звыш 2,2 тысячы дзяцей, прычым амаль 280 з іх – дзеці да 3 гадоў.
         Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 15 сацыяльных прытулкаў. Сёлета іх напаўняльнасць складае 79%. Большая палова дзяцей пасля знаходжання ў прытулках вяртаецца ў біялагічныя сем’і. Некаторыя трапляюць у прытулкі паўторна. У якасці прафілактычных мер дзеці з нядобранадзейных сем’яў накіроўваюцца ў санаторныя школы-інтэрнаты, дзе праходзяць аздараўленне.
         Летась 280 бацькоў былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, адноўлены ў правах 25 чалавек. Працягваецца ўладкаванне дзяцей-сірот на сямейныя формы выхавання. У мінулым годзе былі ўсыноўлены 94 дзіцяці. Сёння ў прыёмных і апякунскіх сем’ях выхоўваюцца амаль 2 тысячы дзяцей. На жаль, здараюцца выпадкі адмены ўсынаўлення падлеткаў.
         - Пазбаўленне бацькоўскіх правоў – гэта не канчатковы прысуд ні для бацькоў, ні для дзяцей, - адзначыла І.В.Чоўжык. – Задача органаў кіравання адукацыяй – пры спрыяльных умовах вярнуць дзіця ў сям’ю. На жаль, колькасць такіх сем’яў змяншаецца. Гора-бацькі лічаць, што дзяржава павінна даваць іх “былым” дзецям максімальную колькасць ільгот, замест таго каб самім выхоўваюць сваіх дзяцей. Так, летась у 10 раёнах вобласці ніводны бацька ці маці не былі адноўлены ў бацькоўскіх правах.
         Калі ў мінулым годзе больш за 60% гора-бацькоў вярталі дзяржаўныя расходы на ўтрыманне сваіх дзяцей, то па выніках першага квартала гэтага года – толькі 46%. З амаль 7 мільярдаў налічаных сродкаў абавязаныя асобы выплацілі крыху больш за 3 мільярды. Найбольш нізкія паказчыкі вяртання сродкаў (ад 29% да 39%) назіраюцца ў Столінскім, Ганцавіцкім, Пінскім і Пружанскім раёнах. Гэта звязана з нізкімі заробкамі гора-бацькоў, іх нежаданнем добрасумленна працаваць, знаходжаннем у месцах пазбаўлення волі і інш.
         Патрабуе сур’ёзнага ўдасканалення міжведамаснае ўзаемадзеянне па раннім выяўленні дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, органаў кіравання адукацыяй, аховы здароўя, аддзелаў унутраных спраў, МНС і ЖКГ.
         Даволі сур’ёзнай і прынцыповай атрымалася размова па арганізацыі алімпіяднага руху ў вобласці.
         - Нягледзячы на тое, што на Брэстчыне дзейнічае сістэма матэрыяльнага і маральнага стымулявання настаўнікаў і школьнікаў, выніковасць алімпіяднай работы выклікае вялікую заклапочанасць, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Рэгіён надзейна замацаваўся на апошнім месцы ў краіне. Аналіз сітуацыі паказвае, што алімпіядную работу неабходна паляпшаць найперш на ўзроўні раёнаў і пачынаць работу з адоранымі дзецьмі як мага раней. Пры гэтым школьнікаў варта ўсяляк зацікаўліваць у алімпіядах. Акрамя таго, трэба максімальна выкарыстоўваць прафесійны патэнцыял усіх таленавітых педагогаў вобласці ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў.
         Сёлета прадстаўнікі вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды паўтарылі мінулагодні вынік – 68 дыпломаў. Найбольш паспяховую падрыхтоўку да спаборніцтваў традыцыйна вядуць гімназіі і ліцэі. Сярод рэгіёнаў – Брэст, Баранавічы і Пінск. Па два і больш дыпломаў прывезлі сёлета з рэспубліканскай алімпіяды выхаванцы настаўніка фізікі камянецкай сярэдняй школы № 2 М.М.Макаеда, настаўніцы абслуговай працы пінскай сярэдняй школы № 16 Н.П.Шаламіцкай, настаўніцы гісторыі брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Г.Э.Навуменка, настаўніцы нямецкай мовы брэсцкай сярэдняй школы № 7 Н.У.Петрачук і настаўніцы іспанскай мовы брэсцкай гімназіі № 5 Л.М.Амельянюк.
         У параўнанні з мінулым годам горш выступілі вучні Жабінкаўскага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Камянецкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага і Столінскага раёнаў, а таксама Пінска. За апошнія два гады ніводнага дыплома не атрымалі школьнікі Пінскага раёна, а за апошнія тры гады – вучні Баранавіцкага раёна. На працягу двух гадоў не паказваюць станоўчых вынікаў у брэсцкіх гімназіях №№ 3 і 4, а таксама ў гімназіях Драгічына, Іванава, Кобрына, Пружан і Камянца.
         - Прычынамі няўдалых выступленняў брэсцкай каманды з’яўляюцца недастатковая работа па падрыхтоўцы вучняў да спаборніцтваў, арганізаваная ў рэгіёнах і абласным ІРА, адсутнасць комплекснай сістэмы падрыхтоўкі адораных дзяцей, якая ахоплівае ўсе ўзроўні – ад школьнага да абласнога, - канстатавала І.В.Чоўжык. – Недастаткова выкарыстоўваецца патэнцыял алімпіяд для малодшых школьнікаў у Драгічынскім, Камянецкім і Ляхавіцкім раёнах. У шэрагу рэгіёнаў не праводзіліся вучэбна-трэніровачныя зборы да абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Не працавалі абласныя профільныя летнікі. У некаторых раёнах для падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд не прыцягваліся выкладчыкі ВНУ.
         Каб выправіць становішча, варта паслядоўна павышаць якасць алімпіяднай работы ў міжшкольных факультатывах, профільных летніках і падчас збораў. З боку ІРА неабходна арганізаваць работу з педагогамі па навучанні іх канкрэтнаму практычнаму рашэнню алімпіядных задач, а таксама арганізацыі работы завочных школ. ІРА павінен быць каардынатарам работы з адоранымі дзецьмі ў алімпіядным руху. Заняткі з вучнямі толькі тады дадуць вынік, калі будуць сістэмнымі, а не эпізадычнымі і кансультацыйнымі, як зараз, заўважыла І.В.Чоўжык.
         Існуюць пэўныя праблемы і з арганізацыяй аховы працы ў навучальных установах Брэстчыны. Калі з вытворчымі няшчаснымі выпадкамі сітуацыя яшчэ больш-менш “прымальная”, то з дзіцячым траўматызмам справы іншыя. Летась ва ўстановах адукацыі вобласці было зафіксавана 40 траўм. Рост траўматызму назіраецца ў Пружанскім, Брэсцкім, Ляхавіцкім і Іванаўскім раёнах. Трэцяя частка траўм адбылася на вучэбных занятках, астатняя – на перапынках. 57% няшчасных выпадкаў з дзецьмі прыходзіцца толькі на навучальныя ўстановы Маскоўскага раёна Брэста. Прычына такога становічша – адсутнасць бяспечных умоў у арганізацыі адукацыйнага працэсу з боку кіраўнікоў і іх падначаленых.
         Падчас праведзенай летась праверкі ва ўсіх рэгіёнах вобласці былі выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства, скіраванага на ахову жыцця і здароўя непаўналетніх у перыяд іх знаходжання ва ўстановах адукацыі. Паўсюдна дапускаюцца адхіленні ад санітарна-эпідэмічных патрабаванняў, пажарнай бяспекі і інш. Здараецца, што спартыўнае абсталяванне эксплуатуецца без тэхнічных пашпартаў і своечасова, як, дарэчы, і станкі ў працоўных майстэрнях, не спісваецца. Больш за 30% няшчасных здарэнняў выкліканы халатнасцю і безадказнасцю работнікаў. Вялікай увагі патрабуе забеспячэнне выканальніцкай дысцыпліны ў працоўных калектывах.
         - На жаль, пытанні аховы працы некаторыя кіраўнікі лічаць другаснымі, што недапушчальна. За кожны няшчасны выпадак работнікі, у тым ліку кіраўнікі аддзелаў адукацыі, павінны несці персанальную адказнасць, - адзначыў М.А.Ціханчук.
         - У вобласці праводзіцца неабходная работа па павышэнні якасці адукацыі на першай ступені, - расказала галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення адукацыі Т.А.Чанава. – Стан выкладання прадметаў знаходзіцца на пастаянным кантролі. У метадычнай дзейнасці варта вылучыць новыя формы метадычных аб’яднанняў: педагагічная студыя “Поспех” (Пінск), клуб педагагічных зносін “Пераемнасць” (Камянецкі раён і Маскоўскі раён Брэста), дыстанцыйнае метадычнае аб’яднанне (Баранавічы), творчая майстэрня кіраўнікоў школьных і міжшкольных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-пачаткоўцаў (Баранавіцкі раён). У Баранавіцкім гарадскім ВМК створаны належныя ўмовы для павышэння прафесійнай культуры і арганізацыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі настаўнікаў. У выніку сістэмнай работы ў Баранавічах назіраецца самы высокі паказчык настаўнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй – 51%.
         Вялікая ўвага ўдзяляецца сістэматызацыі наглядна-дыдактычнага, раздатачнага і вучэбна-метадычнага матэрыялу ў кабінетах, правядзенню алімпіяд і конкурсаў даследчых праектаў сярод малодшых школьнікаў. У навучальных установах Пінска дзейнічаюць навуковыя таварыствы пачаткоўцаў. У Баранавічах працуе рэсурсны цэнтр “ІКТ у кіраванні дзейнасцю пачатковай школы”. На Століншчыне эфектыўна функцыянуе раённая школа ўдасканалення педмайстэрства. У Маскоўскім раёне Брэста, Пружанскім і Камянецкім раёнах плённа працуюць творчыя групы настаўнікаў пачатковых класаў.
         Па словах Т.А.Чанавай, унутрышкольны кантроль за станам выкладання прадметаў у шэрагу устаноў вобласці знаходзіцца не на належным узроўні. Многія кіраўнікі не ўмеюць аналізаваць прычыны вучэбных пралікаў. Недастатковая ўвага ўдзяляецца выкарыстанню ЭСН у адукацыйным працэсе. У асобных установах ЭСН увогуле не ўстаноўлены. Пэўныя цяжкасці існуюць і пры арганізацыі факультатыўных заняткаў. Патрабуюць абнаўлення веды і ўменні педагогаў у методыцы іх правядзення. Некаторыя педагогі не ўмеюць ставіць дакладныя вучэбныя мэты і рацыянальна размяркоўваць час на ўроках. Назіраецца нізкая ступень самастойнасці малодшых школьнікаў у час заняткаў.
         Ананімнае апытанне паказала, што педагогі рэдка выкарыстоўваюць у працэсе стымулявання дзяцей пакаранне, прыёмы псіхагімнастыкі і інтэрактыўныя метады. Самымі праблемнымі ў сваёй дзейнасці настаўнікі лічаць навучанне дзяцей праводзіць элементарныя даследаванні, карыстацца даведнікамі, слоўнікамі і энцыклапедыямі. Толькі 2% рэспандэнтаў рэгулярна прымяняюць у рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, а 4% - ЭСН (56% увогуле не прымяняюць). Не ўсе ўмеюць ствараць на ўроку адаптыўнае і развіццёвае асяроддзе. Усё гэта сведчыць пра тое, што педагогі, валодаючы тэарэтычнымі ведамі, не заўсёды здольны эфектыўна рэалізаваць іх на практыцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: