Конкурс кулинаров

14.5.2012
 
“Бульбашы” – лепшыя кулінары
 
Незабыўнае свята прафесійнага майстэрства, творчасці і фантазіі з пасхальнымі пірагамі, кулічамі і іншымі прысмакамі адбылося ў Брэсцкім дзяржаўным ПТК гандлю. Тут прайшоў І Міжнародны конкурс кулінарнага майстэрства навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі Беларусі, Польшчы і Украіны.
Арганізатары мерапрыемства – упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі дзяржаўны ПТК гандлю – упэўнены, што такая форма супрацоўніцтва спрыяе павышэнню цікавасці навучэнцаў да абранай прафесіі, развіццю іх творчых здольнасцей. Акрамя таго, падобны конкурс стымулюе работу выкладчыкаў і майстраў вытворчага навучання, ад якіх залежыць, як складзецца прафесійны шлях навучэнцаў.
Каледж прыклаў шмат намаганняў і стараннасці, каб правесці конкурс на належным узроўні. Удзельнікі “чаравалі” над стравамі ва ўтульнай вучэбна-вытворчай майстэрні “Кафэ “Крыніца”. Паколькі спаборніцтва праходзіла пад дэвізам “Сустракаем Вялікдзень разам”, на сталах у гэты дзень былі рознакаляровыя яйкі, кулічы, пірагі і інш.
Каманду Польшчы прадстаўлялі тры дзяўчыны з Еўрапейскага цэнтра адукацыі і выхавання моладзі, што ў горадзе Роскаш. З каледжа тэхналогій і бізнесу Валынскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі ў госці да нас прыехалі таксама тры дзяўчыны. Іх каманда мела назву “Вышэйшы клас”. А вось нашу каманду “Бульбашы” прадстаўлялі двое юнакоў: Сяргей Ляўчук і Яўген Бранько. Праўда, без жаночых рук усё ж не абышлося. З імі разам кулінарыла Яна Міхнавец.
 Каб трапіць у каманду, удзельнікі прайшлі ўнутрыкаледжны конкурс, які вызначыў лепшых. Да кулінарнага спаборніцтва каманды рыхтаваліся на працягу месяца: патрабавалася не толькі скласці меню і спячы пасхальны куліч, але і падрыхтаваць візітоўку.
Конкурс доўжыўся цэлы дзень. Падчас урачыстага адкрыцця конкурсу ўдзельнікаў вітаў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук. Затым каманды прадстаўлялі візітоўкі і ўдзельнічалі ў практычным туры.
У візітоўках канкурсанты знаёмілі прысутных з камандай, расказвалі аб культуры і традыцыях сваёй краіны, а таксама нацыянальнай кухні. На практычным этапе ўдзельнікі раскрывалі сябе як сапраўдныя кулінары, што аказалася вельмі складанай справай.
Журы, якое складалася з сапраўдных прафесіяналаў, што працуюць на прадпрыемствах грамадскага харчавання Брэста, ускладніла задачу. Гатаваць стравы нацыянальнай кухні (халодныя закускі, салаты, дэсерты) канкурсанты павінны былі з пэўных прадуктаў. У гэтым туры лепшай аказалася брэсцкая каманда “Бульбашы”.
Не менш складаным, але вельмі цікавым стаў конкурс па афармленні тэматычных сталоў. І з гэтай задачай найлепш справіліся брэстаўчане.
У апошнюю чаргу журы ацэньвала дамашняе заданне канкурсантаў. Перад спаборніцтвам кожная каманда спякла святочны куліч. Самым смачным і прыбраным журы палічыла куліч украінскай каманды “Вышэйшы клас”, якой справядліва былі пастаўлены самыя высокія адзнакі.
Зрэшты, усе каманды паказалі сябе на высокім узроўні. Вызначыць лепшых было вельмі складана. Але па выніках чатырох этапаў конкурсу лідарам стала каманда “Бульбашы”. Другое месца заняла ўкраінская каманда, а трэцяе – польская.
Усіх удзельнікаў конкурсу чакалі ўзнагароды: каштоўныя падарункі і сувеніры ад арганізатараў мерапрыемства. Кожны ўдзельнік атрымаў індывідуальны дыплом.
Мерапрыемства праходзіла ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве па пытаннях адукацыі і выхавання моладзі, якая дзейнічае паміж нашым каледжам і профільнымі ўстановамі адукацыі Украіны і Польшчы.
Дарэчы, польскія калегі ўручылі дырэктару каледжа А.М.Шлепакову запрашэнне для ўдзелу нашых навучэнцаў у спаборніцтвах па валейболе, а калегі з Украіны запрасілі на мерапрыемства “Свята Баршча”, якое адбудзецца ў пачатку восені.
Наступны, ІІ Міжнародны конкурс кулінарнага майстэрства, запросіць навучэнцаў трох краін у польскі горад Роскаш у снежні падчас святкавання каталіцкага Ражства.
 
Таццяна СТРАПКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце;
Людміла ВЕРЫЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Брэсцкага дзяржаўнага ПТК гандлю.
 

         НА ЗДЫМКУ: пераможцы конкурсу – брэсцкая каманда “Бульбашы”.

поделиться в: