Семинар по труду

30.4.2012
 
У працоўным навучанні надзвычай важны асабісты прыклад педагога
 
         На Брэстчыне прайшоў двухдзённы рэспубліканскі семінар, прысвечаны развіццю пазнавальнага інтарэсу і творчых здольнасцей вучняў праз рэалізацыю варыятыўнай часткі праграмы па працоўным навучанні. У мерапрыемстве ўдзельнічалі метадысты ІРА, аддзелаў адукацыі і настаўнікі працоўнага навучання.
         - Мэта семінара – абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы, звязаныя з выкладаннем працоўнага навучання, а таксама азнаёміцца з вопытам работы настаўнікаў-прадметнікаў Брэстчыны ў развіцці пазнавальных інтарэсаў і творчых здольнасцей школьнікаў, - расказаў кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі У.М.Паддубскі.
         Першы дзень семінара пачаўся з наведвання брэсцкай сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата, дзе была арганізавана выстава, прысвечаная рэалізацыі практычнай накіраванасці варыятыўнай часткі праграмы па працоўным навучанні праз дыферэнцаваны падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Выстава ўключала тэматычныя пляцоўкі “Творчасць у імя дзіцяці”, “Творчы праект: ад ідэі да ўвасаблення”, “Ад класа-аўдыторыі – да класа-майстэрні”, “Творчасць юных: ад рамяства да прафесіяналізму і мастацтва”, “Крокі ў навуку з першага класа” і “Школа-крама”.
         Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук адзначыў, што вучні вобласці заўсёды паказваюць добрыя вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні. Гэта, на думку Міхаіла Андрэевіча, яскрава сведчыць пра належную арганізацыю адукацыйнага працэсу ў школах. У навучальных установах абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база кабінетаў абслуговай працы. Вучэбна-вытворчыя камбінаты актыўна займаюцца развіццём платных адукацыйных паслуг.
         Для ўдзельнікаў семінара былі арганізаваны творчыя майстэрні настаўнікаў абслуговай і тэхнічнай працы. Педагогі правялі тэматычныя майстар-класы: “Канструяванне вырабаў са скуры” (А.В.Стасюк з Замшанскага дзіцячага сада – базавай школы Маларыцкага раёна), “Цуды з тканіны сваімі рукамі” (А.С.Завадская з брэсцкай сярэдняй школы № 18), “Пляценне саломкай” (Ю.В.Піваварава з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці), “Упрыгажэнне інтэр’ера” (А.Д.Плісюк з Брэсцкага абласнога ІРА), “Бабулін кошык” (У.Ф.Журко з Равяціцкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна), “З адходаў – даходы” (У.Я.Свідуновіч з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна) і “Папяровая краіна” (Э.П.Валасевіч з пружанскай сярэдняй школы № 3).
         У Дамачаўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна ўдзельнікі семінара азнаёміліся з выставай, прысвечанай развіццю творчых здольнасцей вучняў у працэсе асваення народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці праз рэалізацыю варыятыўнай часткі праграмы. Г.Я.Кулагіна з жабінкаўскай сярэдняй школы № 3 правяла адкрыты ўрок, а А.А.Сенькавец з Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна расказаў пра дзейнасць бондарнай майстэрні “Бачар”.
         У Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна ўдзельнікі семінара наведалі творчыя і педагагічныя майстэрні, праведзеныя Н.М.Шарапавай і А.І.Палешчуком.
         Пленарнае пасяджэнне семінара прайшло ў другі дзень на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. У сваім выступленні метадыст Нацыянальнага інстытута адукацыі Л.М.Яворская засяродзіла ўвагу на тэарэтычных аспектах развіцця пазнавальнага інтарэсу дзяцей на ўроках працоўнага навучання. Настаўніца працоўнага навучання віцебскай сярэдняй школы № 10 Ж.С.Гардзюк адзначыла, што павелічэнне колькасці тэарэтычнага матэрыялу і скарачэнне практычнай часткі ў вучэбнай праграме не дазваляюць эфектыўна рашаць адукацыйныя задачы. На думку педагога, вялікую ўвагу ў рабоце варта ўдзяляць творчай дзейнасці школьнікаў.
         Настаўніца працоўнага навучання гомельскай гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля А.А.Тарасенка лічыць, што ўрочная і пазакласная дзейнасць павінны быць цесна ўзаемазвязаны. Гэта добра развівае творчыя здольнасці дзяцей. У сваёй дзейнасці педагог выкарыстоўвае калектыўныя формы работы. Працоўнае навучанне абапіраецца на рэгіянальныя асаблівасці. На рахунку гімназістаў – шмат творчых праектаў. У навучальнай установе створаны банк гэтых работ.
Асаблівасцю работы А.А.Тарасенка з’яўляецца тое, што пасля вывучэння шэрагу тэм настаўніца праводзіць міні-конкурсы творчых работ (“Юны мадэльер”, “Горад майстроў”, “Дэкаратыўны матылёк”). Дзякуючы разнастайнай працоўнай дзейнасці, назіраецца ўстойлівы інтарэс дзяцей да прадмета.  
         Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Н.М.Фідрык расказала, што развіццю творчага патэнцыялу школьнікаў добра садзейнічаюць сродкі варыятыўнай часткі праграмы, у прыватнасці вышыўка, вязанне кручком і спіцамі. Вопыт работы педагогаў Слонімшчыны актыўна распаўсюджваецца праз майстар-класы. У раёне створана школа таленавітых школьнікаў. Вялікая ўвага ў дзейнасці настаўнікаў ўдзяляецца міжпрадметным сувязям.
         Настаўнік працоўнага навучання Грозаўскай сярэдняй школы Капыльскага раёна І.В.Дубіна падзяліўся цікавым вопытам па выкарыстанні камп’ютарных тэхналогій на ўроку тэхнічнай працы пры вывучэнні раздзела “Аўтамадэліраванне” ў 6 класе.
         Пры падрыхтоўцы да ўрокаў настаўніца працоўнага навучання магілёўскай сярэдняй школы № 11 Ж.К.Якуцік улічвае не толькі ўласныя здольнасці, але і зацікаўленні дзяцей, з якімі займаецца вышыўкай, вязаннем кручком і аплікацыяй. У сваёй рабоце педагог звяртаецца да дыферэнцаванага навучання, а таксама выкарыстоўвае метад праектаў. Для школьнікаў распрацаваны спецыяльныя памяткі, якія аблягчаюць выбар пэўнага віду дзейнасці.
         А вось настаўнік працоўнага навучання баранавіцкай сярэдняй школы № 19 А.Ф.Скрыфук вялікую ўвагу ўдзяляе самастойнай рабоце творчых вучняў. Усе ўрокі педагога грунтуюцца на прадметна-практычнай дзейнасці.
         Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама, настаўніца працоўнага навучання івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 Н.Я.Дзяркач упэўнена, што ў развіцці творчых здольнасцей вучняў вялікую ролю адыгрывае асабісты прыклад педагога. Наталія Яўгенаўна займаецца з дзецьмі вышыўкай і бісерапляценнем, дапамагае асвоіць сваім выхаванцам абрэзкавую тэхніку. Значную ўвагу педагог удзяляе афармленню і абсталяванню майстэрні.
         Н.Я.Дзяркач выкарыстоўвае розныя педагагічныя тэхналогіі – модульную тэхналогію, тэхналогію рознаўзроўневага навучання, ІКТ, тэхналогію праектаў і тэхналогію садружнасці. Настаўніца прымяняе нетрадыцыйныя формы кантролю вучэбнай дзейнасці: крыжаванкі, віктарыны, рэбусы, загадкі, прымаўкі, конкурсы, алімпіяды, гульні, абароны творчых праектаў і тэсты. Акрамя таго, Н.Я.Дзяркач праводзіць інтэграваныя заняткі разам з настаўнікамі філалогіі, матэматыкі, чарчэння і малявання, а таксама актыўна далучае школьнікаў да гульнёвай і даследчай дзейнасці. У выніку сістэмнай работы штогод выхаванцы педагога перамагаюць у раённых і абласных прадметных алімпіядах, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях і выставах, задзейнічаны ў працоўных звёнах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: