Олимпиада

28.4.2012
 

У горадзе над Бугам падвялі вынікі VІІІ абласной алімпіяды па асновах прававых ведаў сярод школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і юрыдычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна пры актыўнай падтрымцы галоўнага ўпраўлення юстыцыі, УУС, аддзела па справах моладзі і камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.
         Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе юрыдычнага факультэта “пушкінскага” ўніверсітэта, удзельнічалі 76 навучэнцаў- пераможцаў раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва. Удзельнікі алімпіяды наведалі асобны батальён унутраных войскаў МУС Беларусі і музей гісторыі міліцыі Брэстчыны.
         - Карысць прававой алімпіяды неаспрэчная, паколькі юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыў на адкрыцці інтэлектуальнага марафону начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць падлеткаў да вывучэння права, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, выхоўвае агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі. Акрамя таго, гэта добрая прафарыентацыя для старшакласнікаў. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Неабходна, каб прававая культура стала ладам жыцця кожнага школьніка.
         - Магчыма, для кагосьці з алімпіяднікаў захапленне правам з цягам часу перарасце ў прафесійную дзейнасць, якая з’яўляецца даволі цікавай і захапляльнай. У сучасным грамадстве надзвычай складана абысціся без належнага ведання законаў і асноў права, - заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама С.А.Каліноўскі, які расказаў алімпіяднікам пра работу свайго ведамства.
         - Вельмі важна, калі школьнікі ўжо на стадыі фарміравання грамадзянскай пазіцыі дакладна вызначаюць прававы складнік свайго жыцця. І дзе б у далейшым ні працаваў малады чалавек, можна быць упэўненым, што прававыя веды дапамогуць яму адшукаць правільнае рашэнне ў пэўнай жыццёвай сітуацыі, - адзначыў намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх А.Ф.Каштанюк. – Алімпіяда адыгрывае немалаважнае значэнне ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў. У многіх выпадках юрыдычная граматнасць можа застрахаваць моладзь ад непрыемных сітуацый.
         За 4 гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, вучні павінны былі выканаць заданні, аб’яднаныя ў 5 раздзелаў. Юныя правазнаўцы адказвалі на тэставыя пытанні, вызначалі тэрміны і паняцці, устанаўлівалі адпаведнасць паміж паняццем і яго азначэннем (прававы звычай, нарматыўны прававы акт, юрыдычны прэцэдэнт, нарматыўны дагавор, грамадзянства, правасуб’ектнасць і інш.), рашалі 6 практычных юрыдычных задач, а таксама пісалі творчыя эсэ, прысвечаныя дзяржаўным сімвалам Беларусі і правільным паводзінам, якія папярэджваюць уцягванне ў злачынную дзейнасць.  Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства.
         Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы, куды ўвайшлі выкладчыкі юрфака ўніверсітэта і спецыялісты галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, адзначылі, што сёлета, нягледзячы на больш складаныя (у параўнанні з мінулым годам) заданні, падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў. Тым не менш школьнікам варта ўдзяляць павышаную ўвагу рашэнню практычных задач і аргументацыі адказаў. Па-ранейшаму найбольшыя праблемы ў дзесяцікласнікаў выклікаюць пытанні па адміністрацыйным заканадаўстве.
         Практычныя заданні прадугледжвалі юрыдычны аналіз канкрэтных жыццёвых сітуацый. Напрыклад: “Трынаццацігадовы падлетак, гуляючы паблізу чыгуначных пуцей, кінуў камень у цягнік, які праходзіў міма. У выніку гэтага ў вагоне было разбіта шкло, а адзін з пасажыраў атрымаў цялесныя пашкоджанні. Ці можа падлетак быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці? З якога ўзросту асоба можа прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці?” Альбо: “У дзяржаўнай арганізацыі на пасадзе галоўнага бухгалтара працуе Гурэвіч. У аддзел працы і заработнай платы па рэкамендацыі Гурэвіча быў прыняты яго зяць Сіроцін. У бухгалтэрыю на пасаду касіра прынята стрыечная сястра Гурэвіча – Ліскіна. Праз год Ліскіна зарэгістравала шлюб з дырэктарам гэтай арганізацыі Пятровым. Падчас праверкі выканання працоўнага заканадаўства інспектар дэпартамента інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны звярнуў увагу на наяўнасць сваяцкіх адносін паміж работнікамі арганізацыі і запатрабаваў звольніць Гурэвіча і Ліскіну. Ці правамерны патрабаванні інспектара? Якія абмежаванні сумеснай работы сваякоў устаноўлены заканадаўствам?” 
         Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Вікторыя Канашук з Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна, дзесяцікласнік Міхаіл Калупановіч з брэсцкай сярэдняй школы № 28 і навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці Аксана Такмакова. Спецыяльным прызам юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна за лепшае эсэ была адзначана навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання Вікторыя Чыж. Спецыяльны прыз абласнога гаспадарчага суда за лепшае рашэнне заданняў па тэорыі права атрымаў Міхаіл Калупановіч. Спецыяльны прыз УУС аблвыканкама за лепшае рашэнне практычных задач дастаўся Вікторыі Канашук. Акрамя таго, шэраг удзельнікаў алімпіяды атрымалі пахвальныя лісты ад кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама.

НА ЗДЫМКУ: начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі У.В.Сычэўскі ўручае спецыяльны прыз свайго ведамства Вікторыі Канашук.

Фота прадастаўлена прэс-службай УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: