❗️ ЧЛЕНЫ ВАЕННА-ПАТРЫЯТЫЧНАГА КЛУБА «ЗА РАДЗІМУ» З ПРУЖАН ПАЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ Ў РЭКАНСТРУКЦЫІ Ў ІВАЦЭВІЦКІМ РАЁНЕ
18.10.2022 Тыдзень Памяці подзвігу камандзіра партызанскага атрада 112 Аляксея Чарткова прайшоў у Івацэвіцкім раёне.
Яго фінальным мерапрыемствам стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Апошні бой Аляксея Чарткова». Перад пачаткам супрацоўнікі Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея, члены клуба гістарычнай рэканструкцыі «Дзве вайны» г. Івацэвічы ўшанавалі памяць героя мінутай маўчання і ўсклалі кветкі на брацкую магілу.
Гледачамі рэканструкцыі і наведвальнікамі партызанскага лагера былі вучні школ г. Брэста, а таксама СШ №3 г. Івацэвічы. Рэканструктары ваенна-гістарычных клубаў з Брэста, Бярозы, Камянца, Пружан, Гомеля і Заслаўя пагрузілі наведвальнікаў у падзеі 11 кастрычніка 1943 года, калі група партызан пад камандаваннем легендарнага камандзіра выратавала ад фашыстаў жыхароў некалькіх вёсак Драгічынскага раёна. У гэтым баі загінулі смерцю адважных партызаны і іх камандзір Аляксей Чарткоў.