Мемарыяльную дошку ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Кавалец адкрылі на будынку Велікамалешаўскай сярэдняй школы Столінскага раёна
24.05.2023 На Століншчыне памятаюць і шануюць заслужаную настаўніцу БССР Надзею Іванаўну, якая шмат гадоў аддала працы на педагагічнай ніве. Таму ўрачысты мітынг з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі атрымаўся даволі прадстаўнічым.
Да ўдзельнікаў з цёплымі словамі ў адрас Надзеі Кавалец звярнуліся старшыня Столінскага райвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Беларусі Рыгор Пратасавіцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка і іншыя госці.
Падчас урачыстага мерапрыемства прагучала падзяка кіраўніцтву ЦК галіновага прафсаюза за фінансавую дапамогу ва ўсталяванні дошкі.
Акрамя яе, ва ўстанове адукацыі адкрыўся музейны пакой у памяць пра ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна Надзею Кавалец. Яе імя Велікамалешаўская сярэдняя школа носіць з 2020 года. Вучні і педагогі вельмі ганарацца гэтым. Музейны пакой валодае вялікім адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, бо экспануе асабістыя рэчы, фотаздымкі і дакументы Надзеі Іванаўны. Матэрыялы размешчаны ў раздзелах “Я і мая сям’я”, “Я і мая работа” і “Мая грамадская дзейнасць”. Многія выхаванцы Надзеі Кавалец сталі педагогамі. Заслужанай настаўніцы БССР не стала 3 гады назад, але памяць пра яе жыве ў сэрцах удзячных вучняў і калег. Сучаснікам ёсць на каго раўняцца!