Якія новыя падыходы вызначаны ў вырашэнні праблемы нядобранадзейных сем’яў
21.02.2025На чым грунтуецца сямейная палітыка і якія новыя падыходы вызначаны ў вырашэнні праблемы нядобранадзейных сем’яў, расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
— На жаль, сямейная нядобранадзейнасць па-ранейшаму застаецца праблемай для нашага грамадства, нягледзячы на кардынальныя меры па яе прадухіленні, якія прымаюцца адпаведнымі структурамі і непасрэдна Міністэрствам адукацыі.
Праблема гэтая не заўсёды відавочная, яна не ляжыць на паверхні, бывае, што замоўчваецца дзяржаўнымі органамі і самімі бацькамі. Але пастаянны кантроль і аналіз сітуацыі з боку дзяржаўных органаў дазваляюць у істотнай меры выяўляць тыя сем’і, дзе пакутуюць дзеці. Сям’ю можна лічыць нядобранадзейнай, калі бацькі не забяспечваюць нагляд, бяспеку і догляд сваіх дзяцей. Часта ў такіх сем’ях бацькі не працаўладкаваны, іх матэрыяльнае становішча дрэннае. Гора-бацькі не маюць сродкаў, каб купіць дзіцяці ежу, адзенне, прадаставіць неабходную медыцынскую дапамогу, стварыць у жылым памяшканні санітарна-гігіенічныя ўмовы для нармальнага пражывання, аплаціць камунальныя паслугі. Бацькі часта вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць алкагольнымі напіткамі, некаторыя неаднаразова прыцягваюцца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, пазбаўляюцца за свае дзеянні бацькоўскіх правоў.